Дзень цэлы плавалі вятры
Над восенню палёў бязмежных.
Пад вечар снегам завірыў,
Спазніўшыся, кудлаты снежань.
Ён ахінуў стагі лугоў,
Як верацёны снежнай воўнай;
З-пад Налібок, з балот, лясоў
Плыты ільдзін пагнаў па Нёмну.
Ён хвалі дрэмлючай раллі
Рвануў за вараныя грывы,—
I ажылі, і паплылі
На лес уздыбленыя нівы.
Але навалу хмар цяжкіх
Стрымалі, выгнуўшыся, хвоі.
Адно па соснах залатых
Ўзнялося полымя сівое.
У змрочных лапках зацвіло,
З бяроз успыхнуўшага вецця
На сухастой, на буралом
Яго панёс шалёны вецер.
Збудзіўся стромых сосен звон,
З лагоўяў воўчых і выкопаў
Папоўз па свежым снезе ён,
Па выбітых рукою тропах.
Зіма... Ад інею вішняк
Перахіліўся за парканы,
I не мінеш яго ніяк,
Кранеш — і цветам серабраным
Асыпле з галавы да ног.
На дзеннікі лятуць вароны
З глухіх прасёлачных дарог,
I цень плыве іх праз загоны,
Дзе ўсё, як вогнішча лістоў,
Замёў снег свежасшаранелы,
Дзе петлі заячых слядоў,
Разгубленыя, забялелі.
Калі ж вячэрняю парой
За вёску выйдзеш на прыволле,—
Цябе сустрэнуць грамадой
Шляхоў знаёмыя таполі;
Пачуеш, як трашчыць рака,
Скрыпяць асверы на марозе,
Як пад дугой маладзіка
Пяюць сялянскія палоззі.
1945