Родныя птушкі
Опубликовал: Admin
7-10-2020, 04:25
Просмотров: 1299
Комментарии: 0
Надходзіў час зімы сцюдзёнай,
Плылі над краем цёмны хмары,
Змяніўся колер траў зялёных,
Замоўклі жабы у выгарах.

Халодны вецер дзьмуў з паўночы
І песню жальбы пеў у полі;
Чарней як сажа сталі ночы;
А ўдзень туманна, як ніколі.

І чуюць птушкі - холад, сцюжа
Краіну раптам агартаюць...
Са смуткам ў грудзях яны гужам
У край чужацкі адлятаюць.

Апошні погляд, поўны жалю,
На родны кідаюць палетак...
Назад іх вабяць руняў хвалі,
Чароўны пах асенніх кветак.

А вецер свішча... стогне... плача...
Снег беліць родныя загоны,
Мароз-траскун на полі скача,
Ён птушак не здагоніць.

II. На чужыне

Цёпла тут. Снягі не ўюцца.
Спачываюць птушкі,
Але штосьці не пяюцца
Песні-весялушкі.

Па дарозе ў край далёкі
Шмат хто з іх загінуў,
І тут ім няма палёгкі -
Не свая краіна.

Цераз моры-акіяны
Думка іх нясецца
У той бок, дзе край каханы,
Цяжка дзе жывецца.

Яны ведаюць: там бура
Гнёзды раскідае,
Поле роднае віхура
Снегам замятае.

Яны знаюць: жыць там трудна
Вераб'ю, сініцы...
А вясны чакаць як нудна!
Вясна толькі сніцца.

Але вераць, вераць птушкі,
Думка іх не згіне...
Спяюць песні-весялушкі
На сваёй краіне.

III. З выраю

Ад берагоў ракі далёкай - Ніла
Лятуць вясёлымі яны
У родны край, дзе ўсё так сэрцу міла,
Дзе сонца бліснула вясны.

«Вясна! Вясна!» Яны запелі песню,
Лятуць на родны свой загон...
Пад хмарамі спляліся птушкі цесна,
Не моўкне спеваў перазвон.

Гараць агнём пабачыць вольны нівы,
На родны узляцець прастор...
І ў ясны дзень, і ноччу палахлівай
Нясуцца шляхам вечных зор.

Цяпер нішто, нішто іх не пужае,
Забылі блукання цяжар,
Бо ведаюць - іх родны кут чакае,
Дзе сонца свеціць - волі дар.

І толькі сум, як змрок які, нахлыне,
Калі ўпадзе хто з-пад нябёс,
Агорне жаль, што мілай той краіне
Жыцця свайго ён не данёс.

Праходзіць сум... І зноў яны нясуцца
На родны край, дзе знікнуў цень...
Ад песні іх лясы там скалыхнуцца,
Вітаць якою будуць дзень.

IV. На роднай краіне

На вузкіх загонах поля,
З высокіх гор
Струйкі пабеглі паволі
На вольны прастор.

І траўка каўром аксамітным
Краіны убрала абшар;
На небасхіле блакітным
Няма хмар.

Новай вясны
Кветкі на сенажаці...
Ужо прыляцелі яны,
Дзе зямелька-маці.

На гняздзе, раскіданым бураю,
Бусел клякоча...
Ластаўка ўецца віхураю -
Над хатаю новай клапоча.

Жаўранак звоніць
Над вольным аратым...
Цяпер яго ястраб не зловіць...
Крумкач не ўзаўецца над хатай...

Калі ж і падымецца хмара
Над роднаю, вольнаю нівай, -
Дожджык патушыць пажары,
Зробіць зямлю урадлівай...

Сцюжа зімова мінула,
Бура пакінула выць...
Вясна на наш край заглянула, -
Мы будзем жыць!

1922
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь. Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Другие новости по теме:
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.