П'янства, цемра ды разбой,
Ад гарэлкі шмат бяды...
Вось што піша дзядзька «Свой»
Нам з Прылуцкай Слабады.
Парсюка ці, можа, свінку
(Нешта мне не ў галаве)
Прадаў сёлета на рынку
З гэтай вёскі чалавек.
Як заведзена спрадвеку,
Думаў: «Мо не саграшу,
Калі з добрым чалавекам
Вып'ю чарку барышу».
Ну і выпіў — ёлкі-палкі! —
Ногі водзяць у бакі.
Выйшаў, бухнуўся ў развалкі:
— Но! Пайшоў, сякі-такі!
Дзядзьку блюзніцца спрасонку,
Што пад ім не сані — печ:
Паздзіраў ён з ног валёнкі,
Апранаху скінуў з плеч.
Едзе дзядзька, свішча носам,
Нібы дома ўклаўся бах:
На чарэні добра босым
Грэцца з люлькаю ў зубах.
Ну і быў жа ён «харошы»,
Як да памяці прыйшоў!
Нос адмёрз, прапалі грошы,
Ногі — пара ледашоў.
Вось якое ліха стала!
«Пакараў, няйначай, бог»:
I без грошай, і без сала,
I кульцяпкі замест ног.
1928