Хай пяро не міне
Навуковых «глыбінь»:
Зацікавіў мяне
«Навуковец» адзін.
«Аб'ектыўны» наскрозь
I лаяльны той спец,—
«Тэндэнцыйнасці» вось
Ён не можа цярпець.
Каб «тэндэнцый» не знаць,
Каб не псулі настрой,
Рад палітыку гнаць
З кабінета мятлой.
Часам Маркса заве,
Каб «патрапіць у лад»,
Ды ў яго галаве
Метафізікі склад.
Не вылазіць ніяк
Ён з сваіх каляін:
I бядняк, і кулак —
«Наагул селянін».
Бо вазьмі ж тут разжуй,
Не жаваў чаго век:
Пралетар і буржуй —
«Наагул чалавек».
Ды які ж бо там чорт
Ім паставіў драты?
I рабочы, і Форд —
«Па заводу браты».
А «наогул»-то ён
«Нашым шляхам ідзе».
«Не прадасць за мільён
Пралетарскіх ідэй».
Так, на словах-то наш,
Толькі к чорту глядзіць:
Яго маслам ты маж,
А ён дзёгцем смярдзіць.
1929