Залатая, асенняя раніца!
Хараством ты на свеце адна.
Сонца ў пушчы глыбокай купаецца
I ніяк не дастане да дна...
Мітусіцца лісцё па аселіцы,
Як дзвіна матылькоў-мітульгі.
І узвее яна, і пасцеліцца,
Распаветрыцца на берагі.
А яны, берагі беражыстыя,
Не стрымаюць асенні напеў.
І ліецца, віецца сукрысты ён,
I разгортваецца каля дрэў.
Прытулі, прыхіні на апошняе
I згадай гэты дзень залаты,
Што над пушчай, згалелымі пожнямі
Рассыпаў залатыя лісты.
Рассыпаў і раскідваў прыгоршчамі
На акрасу, на жаль, на ўспамін.
Развітальная хвіля найгоршая,
Яна можа і сэрца спаліць.
Не бядуй, не гаруй - пад цяжарамі
Мне не йсці, шчасця ў іх не шукаць,
З-за балота мігціць, за выгарамі
Прамяніцца пярэстая гаць.
Не гаруй! Ты дарэмна заплакала:
Я прыйду, я вярнуся ізноў.
Лёс для ўсіх не бывае аднакавы,
Як для тых засмучоных лістоў.
Залатая, асенняя раніца!
З хараством, з пекнатою - бывай!
Ужо сонца за пушчу хаваецца,
Кармазынам гарыць небакрай...
1922