Гнусь, працую, пакуль не парвецца
Мне жыццё, як сагніўшая ніць;
А каб ведаў, што столькі пральецца
Майго поту, не стаў бы і жыць.
Адтаптаў сотні вёрст пехатом я,
Будаваў я дарогі, масты;
Ліўся пот мой, як рэзаў на ком'я
Плугам глебы сухія пласты.
Працаваў пад пяском, пад дрыгвою
І не мала там выцерпеў мук,
І не прыдзецца мне пад зямлёю
Гэтых чорных саромецца рук.
А канаць ужо час: пот і слёзы
Мне жыццё, нібы мышы, грызуць;
Гора гне, як мяцеліца лозы,
Цэлы век не дае мне дыхнуць.
Шчасце ж гляне і ў даль пранясецца,
І магу я аб ім толькі сніць...
Дык няхай жа, няхай сабе рвецца
Мне жыццё, як сагніўшая ніць.
ІІ
Я хлеба ў багатых прасіў і маліў, -
Яны ж мне каменні давалі;
І тыя каменні між імі і мной
Сцяною вялізнаю ўсталі.
Яна усё вышай і вышай расце
І шмат каго дужа лякае.
Што ж будзе, як дрогне, як рухне яна?
Каго пад сабой пахавае?
1909