I з выгляду просты, і проста адзет,
Ды гэта не проста, не так сабе дзед,
I шэрая світка зусім ні пры чым,—
У дзеда важнецкі інспектарскі чын.
Інспектар па якасці — гэта ж не жарт!
Патрэбны тут веды, і пільнасць, і гарт,
I чын яму спаць не дае па начах,—
Мільгаюць у дзеда агрэхі ў вачах.
Вясновае сонца вачэй не пратрэ,
А дзеда ўжо клопат, руплівасць бярэ,
А чын ужо штурхае дзеда пад бок:
— Таварыш інспектар! Пара, галубок...
I птушак дасужых звіняць галасы,
I дзедавы ногі шчымяць ад расы.
Ды ногі-то, ўласна, зусім ні пры чым,
I моршчыцца ў дзеда ёсць многа прычын:
Вунь шэрае штосьці на чорнай раллі,—
Няўжо бо нядбайнікі зноў падвялі?
I грозна і гнеўна глядзіць ён на грэх,—
I ўсыпле ж дзед Спёпку за гэты агрэх!
За тое, што добра дагледзеў вясны,
У прэмію дзеду падносяць штаны.
Штаны як штаны... Мо каб крышку вужэй,
Ды гонар для дзеда за ўсё даражэй.
Дахаты ён прыйдзе, пакажа старой:
— Ты ўсё мяне лаеш, а я вось герой.
Прытуліць старую к сівой барадзе
I горда падарак на стол пакладзе.
1936