Янкa Купала раскрыўся як тонкі, пранікнёны лірык, як майстар паэтычнага эпасу ў паэмах лірычнага і ліра-эпічнага характару і як выдатны драматург. Зварот да драматургіі, відаць, дапамог яму канкрэтызаваць лірычныя пачуцці і перажыванні, выразней выказаць занепакоенасць лёсам роднай Беларусі, перадаверыць свае думкі героям. Паэту ў сваіх творах хацелася быць доказным, блі-жэйшым да жыццёвых з'яў і фактаў, што і абумовіла яго мастацкія пошукі ў «самым складаным родзе літаратуры» (Г. Гегель). А яшчэ драматургія прываблівала Я. Купалу таму, што, як піша крытык П. Васючэнка, менавіта ў ёй «збіраецца ў фокус» усё тое, «што ў паэзіі выглядала рассеяным». Драматургія дапамагала песняру «канцэнтраваць» ідэю (у «Тутэйшых» — ідэю нацыянальнай годнасці беларусаў, у «Раскіданым гняздзе» — ідэю драма-тызму і складанасці лёсу народа, пазбаўленага зямлі), асноўныя жыццёвыя канфлікты (супярэчнасці), «узбуйняць», «падвышаць» трывогу за «свет цэлы». Звернем увагу і яшчэ на дзве акалічнасці. Першая акалічнасць заключаецца ў тым, што драматургія і паэзія пастаянна пера-плятаюцца, перакрыжоўваюцца, узаемадапаўняюцца ў Купалавай спадчыне.