Імя Алеся Гаруна доўгі час замоўчвалася. Яго адносілі да ліку нацыянальна-дэмакратычных інтэлігентаў, якія пасля кастрычніцкіх падзей 1917 г. і ў час грамадзянскай вайны не здолелі зразумець сутнасці і характару класавай барацьбы, разабрацца ў нацыянальнай палітыцы бальшавікоў, дапамагалі легіёнам Ю. Пілсудскага. Сёння творчая спадчына паэта з'яўляецца аб'ектам пільнай увагі многіх чытачоў, літаратуразнаўцаў, а яго імя па праве займае пачэснае месца побач з заснавальнікамі сучаснай беларускай літаратуры Янкам Купалам, Якубам Коласам і Максімам Багдановічам. Друкавацца А. Гарун пачаў у 1907 г. Выступаў з публікацыямі вершаў і апавяданняў у газетах "Наша ніва", "Беларус", "Вольная Беларусь". Пры жыцці выйшлі зборнік паэзіі "Матчын дар" (1918) і кніга дзіцячых п'ес "Жывыя казкі" (1920). У зборнік "Матчын дар" увайшлі вершы, напісаныя А. Гаруном у 1907—1914 гг. Гэты зборнік, як і "Вянок" М. Багдановіча, з'яўляецца кнігай лёсу паэта. Складаецца ён з трох раздзелаў ("Роднаму краю", "На чужыне" і "Праявы роднага"): першы з другім утвараюць антанімічную (антытэзную) пару, а трэці, акумулюючы іх асноўны змест, аб'ядноўвае і як бы завяршае кампазіцыю кнігі. Пачынаецца "Матчын дар" своеасаблівым уступам — вершам "Людзям", у якім паэт акрэслівае сваю паэтычную праграму і тыя тэмы, што знойдуць далейшае ўвасабленне ў зборніку: