Творчы шлях П. Броўкі складваўся няпроста. У 30-я гады паэт аддаў даніну індустрыялізацыі, услаўленню машыны. Ён хацеў сваю паэзію бачыць «чарнарабочай у станка». Лірычны талент мастака шырока раскрыўся ў творах ваеннага часу, дзе П. Броўка гаварыў шчыра, ад сэрца. Ён знайшоў свае, непадобныя на іншых вобразы, каб паказаць трагедыю паднявольнага жыцця на радзіме («Надзя-Надзейка»), гераізм змагання з акупантамі («Кастусь Каліноўскі»), выявіць веру ў перамогу («Будзем сеяць, беларусы!»), любоў да роднай зямлі «Спатканне», «Рана»).