Рэвалюцыйна-вызваленчыя матывы ў творчасці Цёткі.
Палымяная творчасць Цёткі пачалася не на голым месцы: яна ўвабрала ў сябе дэмакратычныя ідэі і прынцыпы папярэднікаў, і перш за ўсё Ф. Багушэвіча. Нават назва яе зборніка "Скрыпка беларуская" асацыіруецца з назвамі зборнікаў Ф. Багушэвіча "Дудка беларуская" і "Смык беларускі". І калі Ф. Багушэвіч хацеў адшукаць "такой вадзіцы ды з такой крыніцы, што як хто нап'ецца, дык вольным стаецца", то Цётка марыць "зярном пшаніцы ўпасць на ніўкі вёскі, зазалаціцца без мятліцы, даць хлеб смачнейшы трошкі". Але Цётка, у адрозненне ад Ф. Багушэвіча, жыла ў іншы час. Рэвалюцыя дапамагла таленту паэтэсы адкрыцца перад людзьмі, абудзіла няўрымслівае жаданне данесці праўду да свядомасці працоўных, выказаць яе голасна, ледзь не на ўвесь свет. Бурлівы, кіпучы 1905 год цалкам захапіў Цётку. "Люблю ўраганы... У буры я адчуваю рай", — прызнаецца паэтэса. Раз'юшанай марской стыхіяй здаецца ёй рэвалюцыя ў вершы "Мора" (яго падзагаловак — "Рэвалюцыя народная"). Шырокае, неабсяжнае мора становіцца неспакойным. Грыміць гром — і хвалі ўспененага мора ўздымаюцца да неба, рвуць берагі, змываюць векавыя горы і скалы.