Штуршком для напісання паэмы «Варшаўскі шлях» (1972) стала смерць Аляксандра Твардоўскага, рускага савецкага паэта, добрага сябра А. Куляшова. Яны пазнаёміліся ў Мінску ў 1934 г., калі А. Твардоўскі разам з іншымі смаленскімі паэтамі наведаў Беларусь. У 1939 г. сустрэліся ў Маскве. Але дружба пачалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пасля таго як А. Куляшоў волей лёсу апынуўся ў сталіцы СССР.
Паэма складаецца з чатырнаццаці частак, роўных па колькасці радкоў (іх дваццаць чатыры), і эпілога. У першай частцы (яна з'яўляецца экспазіцыяй) акрэсліваецца асноўная тэма твора: «Пагутарым аб часе, аб Твардоўскім». Вобраз часу адзін са скразных у паэме. Ён шматаблічны: ваенны, пасляваенны, як выява лепшага ў чалавеку і як выява чалавечай дробязнасці, нікчэмнасці (пятая частка). Скразным з'яўляецца таксама вобраз Варшаўскага шляху, да якога звяртаецца, з якім вядзе дыялог-размову паэт. Варшаўскі шлях — гэта і канкрэтная дарога, Варшаўская шаша, і сімвал яднання людзей, сімвал чалавечага лесу. Цэнтральным у паэме выступае вобраз А. Твардоўскага, які раскрываецца шырока і шматгранна. А. Куляшоў згадвае ваенны лёс сябра («Жыццё і смерць. Дуэль радкоў з крыжамі. // З вайною, не кіруючы франтамі, // На ўсіх франтах, мой шлях, ён вёў баі»). Прыгадвае знакамітую паэму пісьменніка «Василий Тёркин» і пры гэтым гаворыць пра яго грамадзянскую пазіцыю, імкненне да праўды жыцця:
Не раз ён тут салдатам нёс уцеху
I жартам весяліў іх, каб яны
Забыліся на змрочны жарт вайны.
Здаралася, ён ім хлусіў для смеху,
Ды не маніў ніколі для маны.