Маладыя гады,
Маладыя жаданні!
Ні жуды, ні нуды,
Толькі шчасце кахання.
Помніш толькі красу,
Мілы тварык дзявочы,
Залатую касу,
Сіняватыя вочы.
Цёмны сад — вінаград,
Цвет бяленькі вішнёвы,—
I агністы пагляд,
I гарачыя словы.
Будзь жа век малады,
Поўны светлымі днямі!
Пралятайце, гады,
Залатымі агнямі!
1915–1916