Дождж у полі і холад... Імгла...
Дзесь у вёсцы міргаюць агні.
Там, злякаўшысь, схавалась, лягла
Доля горкая ў чорным цяні.
І пад цёмнымі скрыдламі ночы
Не убачаць цяпер яе вочы.
Толькі вецер асенні, начны
Ў полі сумна гудзіць і пяе
Аб радзімай старонцы глухой
Ды аб долі няшчаснай яе.
Цісне сэрца мне песня начная...
Хай жа голасна вецер спявае,
Хай пяе ён у роднай зямлі,
Каб у сэрцах нам сорам збудзіць,
Каб змагацца з няпраўдай ішлі,
Ў чыім сэрцы сумленне не спіць.
Долю чорную ноч не схавае,
Калі выльецца песня жывая!
1909