Кароткі змест Адвечная песня
Опубликовал: Admin
7-10-2020, 04:25
Просмотров: 1232
Комментарии: 0
I. Хрэсьбіны

Ноччу над калыскай дзіцяці спяваюць Жыццё, Доля, Бяда, Голад і Холад. Жыццё дае яму пад уладу «як ёсць усё чыста на свеце». Доля абяцае напяваць чалавеку «аб радасці, славе, багацці», але яна ўцячэ ад яго. Бяда ж будзе з ім заўжды («I так ён зжывецца са мной, што стану яго я душой»). Голад и Холад збіраюцца «хадзіць за ім парай, наводзіць балесці і хмары». Жыццё, Доля, Бяда, Голад і Холад даюць імя дзіцяці — Мужык.

ІІ. На службе

Маленькі, босы, у парванай апратцы пастушок пасе скаціну, жаліцца на сваю долю. Прыходзіць маці, пытаецца, чаму сын невясёлы. Жанчына плача, шкадуючы свае дзіця. Пастушок яе супакойвае:

Не плач, маці, і не злуйся На жыццё,

Як я ў сілачку ўбяруся, . Змагу ўсё.

III. Вяселле

Сват і свацця запрашаюць весяліцца, хваляць маладых. Малады абяцае нявесце: «Зажывём мы па-сваёму, як ніколі, як ніхто». Маладой страшна і трывожна, бо яна пакідае родную хату, наперадзе зусім новае жыццё.

IV. Вясна

У хату Мужыка прыходзіць Вясна. Нагадвае, што ўжо прасохла ралля, трэба сеяць. Мужык жаліцца, што «зерня к севу няма».

V. За сахою

Мужык арэ, падганяе спрацаванага коніка, яму самому «ломіць косці, грудзі... пыл засыпаў вочы». Падарожны, мінаючы аратага, гаворыць пра сваю нядолю, бо ў яго няма хаты, нівы. Але бяздольным лічыць сябе і араты, які ўсё гэта мае.

VI. Лета

На ўзмежку пад грушай сядзіць Мужык. Відаць залітая паводкай сенажаць, пабітае градам жыта. На небе падымаецца чорная хмара. Лета прапануе яму весялей глядзець, працягвае серп і касу. Мужык паказвае на сваю сенажаць і поле. Лета ўшчувае селяніна:

I не стыдна табе век-вяком,
Хоць і дуж, як той дуб векавы,
Вясці гутарку ўсё са плачом,
Ніжэй гнуцца павялай травы!

Падказвае, што ў двары (у пана) ёсць заробкі. Мужык даводзіць, што двор ён знае даўно, з году ў год пакідаў там сілу.

Вынімала мне паншчына дух,
Зжыў яе — думаў, воля дасць хлеб...
Як за паншчынай, бедзен і слеп.

Лета кідае Мужыку пад ногі серп і касу. Пачынаецца моцны дождж з градам.

VII. Касьба і жніво

Гарачыня. Мужык косіць, Жонка жне. З ёю побач малыя дзеці. Мужык, звяртаючыся да касы?

Век звініш, свішчыш,
Адкляпаная,
Век плыве сляза
Неўніманая.

Жонка, абкручваючы параненую на ржышчы нагу:

Усюды бог гасціў
З сваёй ласкаю,
Толькі крыў мінуў
Ніву хамскую.

Ідзе да калыскі немаўляці і корміць яго.

VIII. Восень

Мужык малоціць. З'яўляецца Восень і пытаецца, як у яго з кормам, як жыта. Селянін адказвае, што ўсяго мала, «да паўзімкі не стане». Восень раіць прыкупіць «з пудзік хлеба», пазычыць «з воз сянца». Але на гэта ў Мужыка няма грошай.

IX. Свята

У хаце на палку двое хворых дзяцей. Іншыя поўзаюць босыя, у адных кашульках. На печы крэкча стары бацька. Мужык хоча павесяліцца, выпіць чарку. Жонка нагадвае пра нястачы:

Трэба новае карыта,
Каптан Зосі трэба,
Просіць фельчара Мікіта —
Ўжо не есць і хлеба.
...Не да смеху, не да гуляў, Калі бяда ў хаце.

Прыходзяць Стараста і Магазыннік, каб спагнаць з Мужыка падаткі і доўг. Мужык уцякае з хаты. Жонка плача.

X. Зіма

Мужык па калена ў снезе сячэ тоўстую хвою. Прыходзіць Зіма і прапануе яму памерацца сілаю. Той просіць яе «не мучыць абарванага», адпраўляе ісці «пад футры багатыя, ў палацы мураваныя». Пачынаецца мяцеліца. Падсечанае дрэва валіцца і забівае Мужыка. К нябожчыку прыбліжаецца зграя ваўкоў.

XI. Хаўтуры

У хаце ў дамавіне ляжыць Мужык. Галосіць жонка:

Нашто на свет раджацца,
Хто мае з ім расстацца,
I горкі жаль кідаці
Удаве, бацькам, дзіцяці...

Стары бацька збіраецца з унукам ісці ў свет жабраваць. («Не месца мне у хаце: не дуж я працаваці; пры кім дажыць

тут веку няшчаснаму калеку?») Сталяр канчае рабіць века да труны. Дзеці і суседзі развітваюцца з нябожчыкам. Выносяць труну з хаты.

XII. На могілках

Цёмнай ноччу перад узвіжаннем на паваленым крыжы сядзіць цень Мужыка. Яна хоча ведаць, як жывуць нашчадкі. З'яўляюцца тыя духі, якія былі на хрэсьбінах. Бяда паведамляе, што

Не зломлены к шчасцю вароты,
Слязы не убыло, — прыбыло.

Не згінулі Голад і Холад. Хорам духі гавораць, што «завалены сцежкі к прасвету крыжамі бясчасных магіл». Доля расказвае пра лёс дзяцей Мужыка. Адзін, як і бацька, арэ шнур, «карчомкай душу весяліць». Другі дзесьці на чужыне, трэці ў турме, чацвёрты «ў здзеку загінуў, за праўду, за крыўду сваю». Пятаму машына адсекла руку, і ён стаў жабраком. Жыццё, якое пры нараджэнні абяцала так многа, гаворыць: «Я лоўка расставіла сеткі! Папробуй расплутай вазьмі!»

Цень Мужыка просіць наноў раскрыцца магілу, бо «страшней яе людзі і свет».

Мастацкія асаблівасці

«Адвечная песня» (1908) — першая напісаная Я. Купалам драматычная паэма. У 12 частках-праявах раскрываецца жыццё галоўнага героя твора Мужыка ад нараджэння і да самай смерці. Кожная частка — пэўны этап у жыцці героя. Купала паказаў, што Мужык, як і кожны чалавек, прыходзіць у гэты свет свабодным. Жыццё над калыскай сялянскага дзіцяці спявае:

Ён будзе ўсіх чыста дужэй,
Ён будзе ўсіх чыста мудрэй...
Так будзе ён царам прыроды,
Сам найдасканальнага роду...

Аднак царом прыроды Мужык не становіцца. Нават скупы дастатак у сялянскай сям'і залежыць ад прыроды — каб не вымачыла і не высушыла збажыну, не пабіла градам і г. д.

(праява «Лета»). Дужасць, мудрасць, дасканаласць чалавека пры сутыкненні з рэчаіснасцю набываюць чыста тэарэтычны характар. У апошняй праяве, калі ўстае з магілы цень Мужыка, Жыццё смяецца над чалавекам, яно таксама супраць чалавека:

Я сілам цямрачым у рукі
Няпраўд пустазелле дало,
Хай сеюць знішчэнне і мукі,
Хай корча ўсіх змога і зло.

З Мужыком сталася так, як прадказалі на яго хрэсьбінах Жыццё, Доля, Бяда, Холад і Голад. Усе яго памкненні, змаганне, мазольная потная праца нічога не далі, ён пераможаны. Мужык у паэме памірае па сутнасці два разы. Першы раз гіне пад паваленай хвояй, другі — добраахвотна вяртаецца ў магілу, бо за яе «страшней людзі і свет». Вобраз Мужыка набывае ў паэме выразную трагедыйнасць.

Я. Купала звярнуўся да рэалістычных і сімвалічных сродкаў мастацкай выразнасці. У творы шэраг умоўных вобразаў — Жыццё, Доля, Бяда, Голад, Холад, Вясна, Лета, Восень, Зіма. Вобразы людзей — Мужык, Жонка, Араты, Пастушок, Маці, Магазыннік і інш. — абагульненыя, індывідуальна-канкрэтныя рысы ў іх адсутнічаюць.

Паэма цікавая з боку формы. Кожная яе частка-праява мае сваю танальнасць, сваю адметную рытміка-інтанацыйную арганізацыю.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь. Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Другие новости по теме:
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.