На канцы вёскі жыў Бартак Сасок. Несправядлівы і несумленны быў чалавек: «...за сваю шкоду, хоць з прыпадку зробленую, нікому не даруе, хоць залатоўку возьме, а сам, бывала, уночы конна сядзе і пайшоў чужыя межы спасываць...» Нажываўся на суседскай нястачы і беднасці, хадзіў у прыяцелях пісара і старшыны.
Праз нейкі час «Бартак апрануў ужо чорны сурдут», вылучыўся сярод вяскоўцаў нават апраткай. Завёў сяброўства з панам Прыбалдовым з Замораўкі. Гаспадарка ў пана ішла кепска: сяляне сеюць на зіму, а пан касіць пачынае, аруць, а ў яго зажынкі. Шмат каму Прыбалдоўскі быў вінен грошы ды аддаваць не збіраўся.
На сельскім сходзе хацелі выбраць Бартку ў сотнікі. Ён абазваў усіх галадранцамі і сказаў, што цяпер сам пан, бо купіў маёнтак Прыбалдова.
Маёнтак ён купіў з усім набыткам, з вазамі і карэтамі, нават з вялікім, як конь, сабакам, але павінен быў заплаціць усе даўгі папярэдняга гаспадара, якіх было шмат.
Бартак стаў яшчэ стражэйшым панам за Прыбалдова: «...дзярэ за шкоды — жыць не можна — а крычыць, а лае». У двары ў яго кожны дзень госці: то станавы, то пісар, то сакратар з'ездавы, то судовы. Па тры дні ў карты гуляюць і п'юць.
Прыйшоў час жніва. Жыта на полі Барткі мала, а жней яшчэ менш, бо дарагія. Ён прапанаваў жонцы ўзяць серп, ды тая ўзамен параіла яму касу ўзяць і на сенакос ісці. Пачалі сварыцца.
Бартчыха ў маладосці ў двары служыла і камісару спадабалася. Людзі пляткарылі, што сын-першанец «паспяшаў радзіцца па шлюбе» і пасаг Каська добры ад камісара атрымала. Жанчына яна была з характарам і жыла сваім розумам.
Бартак прагнаў жонку з маёнтка. Яна, сабраўшы чамаданы, паехала назаўтра ў горад да Прыбалдова наймацца ахмістрыняй. Пасля гэтага Бартак пачаў заглядаць у чарку і «зіркаць на кабетак».
Зусім перамяніўся Бартак: на полі не бывае, зіму праводзіць у горадзе. Аднойчы вярнуўся адтуль з маладой паненачкай. У вёсцы яе празвалі Траляля, бо нічога не рабіла,
а толькі бегала і спявала. Была яна добрай да сялян, калі хто ў вёсцы захварэе, то яна і па ўрача пашле, і на лекі грошай дасць. Дзяцей вясковых частавала садавінай.
Законная жонка Бартка падала ў суд скаргу, што муж яе выгнаў з маёнтка і з другой жыве, што мае вялікі даход з маёнтка, а ёй нічога не дае. Тры гады цягнулася судовая справа. Траляля захварэла і памерла, пакінуўшы «дзіцятка драбнюсенькае». Палавіну маёнтка адсудзіла жонка, другую прадалі на аукцыёне за даўгі. Бартак зноў вярнуўся ў вёску, дзе ўжо не яму, а ён усім кланяўся. Хутка за штосьці трапіў у турму і там памёр.
У маёнтку, дзе жыла Бартчыха, узнік пажар і знішчыў усе будынкі.
Малую дачку Бартка, Тралялёначку, як яе празвалі ўслед за маці, вёска, склаўшыся «з душы па дзесяць грошы», аддала «да Марыські крывой на мамкі», а затым узяў клопат пра сірату ксёндз. «I расце паненачка, так гадкоў ужо, мусі, з дзесятак мае, а такая вясёлая ды смяхотная, якраз жа Тралялёначка!»
Мастацкія асаблівасці
У апавяданні Ф. Багушэвіч паказаў класавае размежаванне ў вёсцы, што пачалося пасля адмены прыгоннага права і правядзення іншых сацыяльна-эканамічных рэформ царскім урадам. Бартак Сасок, як і Сабковіч, герой камедыі В. Дуніна-Марцінкевіча «Залёты», разбагацеў падманам і гвалтам. Апавядальнік зазначае ў творы, што «ён (Бартак Сасок. — Т.Г.) толькі і парабіў нас жабракамі». Узняўся Сасок надта высока: стаў сапраўдным панам, купіўшы абкладзены даўгамі маёнтак. Аднак утрымацца «ў панстве» не здолеў. Страціўшы маёнтак, зноў вярнуўся ў вёску.
Пісьменнік паказвае, што асноўнай прычынай страты набытага багацця і становішча ў грамадстве былі не няшчасці. Смерць Тралялі, суд з былой жонкай і продаж паловы маёнтка за даўгі — усё гэта напаткае Бартка пазней, калі ён ужо «раздалікаціцца» і разлайдачыцца, пакіне глядзець за гаспадаркай, упадабае гуляць у карты, піць гарэлку.
Жыццё прымусіла Саска па-іншаму паводзіць сябе з аднавяскоўцамі: па вяртанні ў вёску ад яго пыхі не засталося і следу. Аднак сутнасць яго натуры засталася ранейшай, сумленна жыць ён усё роўна не стаў, яго пасадзілі ў турму.
Па кантрасту з Барткам у творы малюецца вёска. Аўтар не вылучае з сялянскага гурту некага асобна, нават апавядальнік вядзе аповед, каменціруе падзеі ў жыцці Саска, зыходзячы з калектыўнага «мы»: «У маі прыехаў судовы ўходчыны рабіць, і нас, суседзяў, паклікалі. Глядзім мы, калі ўжо Бартак і Бартчыха з тым судавым разам абедаюць, і нават кухар на стол падаець. Бартчыха ў чорнай панскай сукні. На нашую пахвалёнку ніхто і не адказаў...»
Аднавяскоўцы не помсцяць Саску. Не прымаючы яго мараль і прынцыпы, яны не атаясамліваюць Бартка з блізкімі яму людзьмі. Палюбілі за весялосць і дабрыню яго няшлюбную жонку, шкадуюць, што Траляля памерла такой маладой, пакінуўшы малое дзіця. Найвыразней чалавечнасць, маральнасць сялян выяўляецца ва ўчынку, калі яны збіраюць грошы на догляд дзяўчынкі, бацька якой столькі гадоў іх абдзіраў і крыўдзіў.
Ф. Багушэвіч з'яўляецца пачынальнікам беларускай прозы, адным з заснавальнікаў рэалістычнай традыцыі ў літаратуры XIX ст. Ён працаваў над слоўнікам беларускай мовы (матэрыялы не захаваліся), марыў пра стварэнне граматыкі, востра адчуваючы як творца неўнармаванасць літаратурнай мовы. Ён стаяў на пачатку нацыянальнага адраджэння, якое панясуць, абвясціўшы ўсяму свету, Купала, Багданрвіч, Цётка, Колас, Гарэцкі, Гарун.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь. Мы рекомендуем Вам
зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.