Сем'і сяброў, пісьменніка Кірылы Шыковіча і хірурга Антона Яраша, летам жывуць на дачы. У выхадны дзень Шыковіч запрасіў на абед Гукана, старшыню гарвыканкома. Некалькі гадоў назад яны разам напісалі кнігу пра дзейнасць падпольшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. «Хрушчоўская адліга» многае змяніла ў свядомасці грамадства, таму пісьменнік лічыў патрэбным вярнуцца да падзей мінулага і хацеў ведаць, што на гэты конт думае аўтар «гісторыі», Гукан. Аднак Яраш, таксама былы падпольшчык, выказаў сумненне, ці варта цяпер, праз семнаццаць гадоў, варушыць былое. У свой час ён не пагадзіўся з ацэнкай гарадскога падполля, дадзенай у кнізе Гуканам. Пазіцыя сябра Шыковіча здзівіла і абурыла. Яраш растлумачыў: «...Калі ты сур'ёзна хочаш заняцца нашым падполлем, вось табе мая рука... А калі ты хочаш папсаваць старому чалавеку нервы, я ў такой гульні не ўдзельнічаю».
Старшыня гарсавета на абед не прыехаў. Гаспадары дачы яго знайшлі на беразе ракі, калі адправіліся лавіць рыбу. Там Шыковіч падзяліўся сваім намерам вярнуцца да гісторыі гарадскога падполля, напісаць дакументальную аповесць. У намеры пісьменніка Гукан убачыў жаданне «прарэвізаваць рашэнне гаркома».
Пасля праведзенага на прыродзе выхаднога старшыня гарвыканкома нечакана заспаў і з'явіўся на працу пазней, чым звычайна. Ля дзвярэй чакалі наведвальнікі. Першым у кабінет Гукан запрасіў маладога, нікому невядомага архітэктара. У яго быў арыгінальны праект забудовы мікрараёна. Але і займаючыся справамі, Гукан не мог забыцца на ўчарашнюю размову з Шыковічам — не пакідала адчуванне прыкрасці. Ён папрасіў намесніка старшыні аблвыканкома разабрацца, хто адводзіў Шыковічу і Ярашу ўчастак пад дачу, матывуючы сваю цікавасць распачатай прэсе кампаніяй супраць прыватнай уласнасці.
Антона Яраша, лепшага хірурга ў горадзе, папрасіў пра кансультаваць хворых малады калега. Яраш не любіў трэцяй бальніцы з-за галоўурача. З гадоў студэнцтва закаханая ў Яраша, Тамара Гаецкая не траціла надзею дабіцца ўзаемнасці, хоць даўно ўжо мела мужа і дзяцей. Заляцанні жанчыны апошнім часам сталі зусім непрыстойнымі, і Яраш ішоў на розныя хітрыкі, каб толькі не сустрэцца з Гаецкай у бальніцы. На гэты раз кабінет галоўурача абмінуць яму не ўдалося. Сітуацыя ўскладнялася яшчэ тым, што Ярашава жонка была страшна раўнівай.
Адна з хворых аказалася даўняй знаёмай доктара. Зося Савіч у гады вайны ўратавала яго ад арышту. Увесь пасляваенны час Яраш лічыў, што Зося загінула, і не шукаў яе. Жанчыне патрэбна аперацыя на сэрцы, і Яраш пераводзіць хворую, не адкладваючы справу на заўтра, у сваю клініку, Дамоў доктар вярнуўся позна. Чакаючы мужа, Галіна Адамаўна напрыдумвала неверагоднага і закаціла яму дзікую сцэну рэўнасці. Узрушаны высвятленнем адносін з жонкай, Яраш не можа заснуць. Ён паклікаў Шыковіча (той ноччу працаваў) і расказаў сябру пра сустрэчу з Зосяй Савіч, а таксама пра сваю дзейнасць у гарадскім падполлі.
Тады Яраш працаваў пажарнікам. На прызначаную падпольшчыкамі сустрэчу ён не пайшоў, бо заўважыў пільную цікавасць да сябе агента гестапа Лотке. Зрабіўшы пэўныя захады, з Паўлам Яраш сустрэўся на наступны дзень. Таварыш па змаганню перадаў загад знішчыць начальніка гарадской паліцыі Лучынскага. Ён паведаміў, што ў горадзе пачаліся арышты, і папрасіў Антона не пакінуць сына, калі з ім і жонкай здарыцца самае кепскае. Праз тры дні Яраш даведаўся, што Павел арыштаваны. А яшчэ праз некалькі Дзён ён стаў сведкам смерці падпольшчыкаў. З вакон пажарнай Яраш бачыў, як вешалі на плошчы таварышаў. Пад уражаннем перажытага нарадзіўся план помсты. Яраш з'явіўся да Лучынскага нібыта з просьбай узяць на службу ў паліцыю. Там, у кабінеце, на вочы трапіла нагайка, якой начальнік паліцыі на плошчы ўдарыў Паўла па твары. Нагайкай падпольшчык задушыў Лучынскага.
Адыходзячы ад будынка паліцыі, Яраш сустрэў Лотке. Вопытны агент, штосьці западозрыўшы, загадаў узняць рукі. Падпольшчык кінуў гранату і асколкам параніў сабе нагу. Па шуму матораў, брэху сабак лёгка было здагадацца, што квартал акружаюць. Яраш звярнуў у завулак і нечакана апынуўся перад знаёмым домам. Тут жыў яго былы выкладчык, вядомы ў горадзе доктар Савіч. Пры немцах ён узначаліў ва ўправе аддзел барацьбы з эпідэміямі і лічыўся здраднікам. Зусім блізка чуўся брэх сабак, і Яраш пералез цераз паркан. Інтуіцыя падказвала, што тут яго не выдадуць. Дачка Савіча, Зося, схавала падпольшчыка ў пакоі нямецкага ўрача Грота, які кватараваў у іх. На тое месца, куды скокнуў паранены, дзяўчына кінула забітага труса. Галодных аўчарак, калі тыя з'явіліся ў садзе з гаспадарамі -эсэсаўцамі, след ужо не цікавіў. Праз колькі гадзін Зося правяла Яраша на гарышча, дапамагла яму дастаць з бядра асколак. Назаўтра ў сховішча падняўся доктар Савіч. Ён пазнаў свайго былога студэнта, папрасіў яго быць асцярожным, каб не наклікаць на дом бяды, і не крыўдзіць Зосю:
Выслухаўшы сябраву споведзь, Шыковіч хацеў у гэты ж дзень сустрэцца з Зосяй, аднак Яраш катэгарычна забараніў хваляваць хворую.
Сын Шыковіча Уладзіслаў крыўдзіўся на багатых бацькоў, што павінен сам зарабляць грошы і харчавацца ў сталоўцы. На прывакзальнай плошчы ён сустрэў Тараса, прыёмнага сына Яраша. Той ехаў да бацькі на Дачу. Малады Шыковіч паскардзіўся на адсутнасць грошай і голад. Аднак у рэстаране, куды хлопцы пайшлі абедаць, яго больш цікавіла выпіўка, чым ежа. Потым Славіку трапіўся графаман. Ён вельмі хацеў надрукавацца ў газеце, дзе працаваў Шыковіч-старэйшы, і шчодра пачаставаў малодшага. Потым у рэстаран яго прывяла цікавасць да студэнтаў-замежнікаў. Тут і ўзнік «міжнародны скандал»: з-за непавагі да сваёй асобы Славік абазваў маладых англічан шпіёнамі і паабяцаў скінуць на іх «задрыпаны востраў» бомбы. Прачнуўся Шыковіч у выцвярэзніку. За інцыдэнт з гасцямі народны суд вызначыў яму дзесяць сутак зняволення.
Нічога не ведаючы пра сынавы прыгоды, бацька працаваў у партархіве. Яму карцела разабрацца з доктарам Савічам. Сярод дакументаў ваеннага часу Шыковіч знайшоў цікавую запіску. Аўтар яе, камісар партызанскага атрада, непакоіўся за лес нейкага Доктара. Аднак далейшыя архіўныя пошукі нічога не праяснілі. Шыковіч вырашыў звярнуцца да жывых сведкаў. Перш-наперш ён пайшоў да Гукана. Старшыня гарвыканкома падумаў, што вядомы пісьменнік з'явіўся прасіць за сына, і памыліўся. Пагадзіўшыся, што архіў хавае шмат неразгаданага, ён параіў Шыковічу вярнуцца да сучаснасці: заняцца, напрыклад, выхаваннем сына. Зірнуўшы на субяседніка, Гукан зразумеў, што ўдарыў у самае балючае месца.
Раззлаваны і ўстрывожаны Шыковіч кінуўся ў парк, дзе, па словах Тукана, Славік падмятае дарожкі. Потым вырашыў зайсці ў рэдакцыю — там павінны былі ведаць, што натварыў сын. Аднак на працы дадаў непрыемнасці зайздросны Рагойша. Страціўшы над сабой кантроль, Шыковіч вывалак калегу за каўнер з кабінета. На разборцы ў рэдактара быў Тукала, добры знаёмы Шыковіча. Ён з'явіўся паведаміць бацьку, што Уладзіслаў звольнены з працы на кінастудыі. Учынак Тукалы Шыковіч зразумеў як страх за начальніцкае месца. Аднак рэдактар газеты да непрыемнасцей падначаленага паставіўся з разумением.
Яраш папрасіў маладую аперацыйную сястру Машу пасябраваць з Зосяй, каб падтрымаць хворую перад аперацыяй. Аднак адносіны паміж жанчынамі наладзіліся толькі пасля таго, як доктар расказаў Машы, хто такая Савіч і што яна зрабіла для яго ў гады вашы. Дзяўчыну заінтрыгавала гісторыя Тараса, сына павешанага падпольшчыка.
Машу разам з сям'ёй урачоў Майзісаў Яраш запрасіў у выхадны дзень на дачу. Дзяўчына зрабіла прыемнае ўражанне на жонку Шыковіча і на жонку Яраша, хоць у дуты Галіны Адамаўны не раз уздымалася хваля рэўнасці. Дачка Шыковіча Ірына інтуітыўна адчула ў Машы суперніцу: яна даўно была закаханая ў Тараса, але хавала свае пачуцці. У гэты дзень закончыўся тэрмін зняволення Славіка і ён таксама з'явіўся да бацькоў. У вогненна рыжай Машы ён убачыў незвычайную дзяўчыну, таму ўсяляк стараўся звярнуць на сябе яе ўвагу.
На дачу Тарас прывёз усю сваю брыгаду. Ударнікам камуністычнай працы не спадабалася піжонства Славіка. За абедам Яраш прапанаваў маладым людзям падзяліцца сваімі марамі і жаданнямі. Будучыня — камуністычнае грамадства — уяўлялася маладымі людзьмі прыгожай, справядлівай. Дзеля яе кожны быў павінен «стаць лепшым... пазбавіцца перажыткаў». Сапсаваў размову Славік, заявіўшы, што хоча паляцець у космас, «у пустату, дзе б ніхто не дапытваў і не чытаў «маралаў». Потым ён нахаміў Машы і атрымаў ад дзяўчыны аплявуху.
Шыковіч у час размовы з сынам не стрымаўся і ўдарыў яго. Праз нейкі момант бацьку стала сорамна за свой учынак і ўвогуле за паводзіны ў апошні час.
Пасля невялікай нарады-спрэчкі брыгада Тараса вырашыла ўзяць да сябе на працу Славіка. Шыковіча-старэйшага гэта ўзрадавала,
Перад аперацыяй Яраш вельмі хваляваўся, Шыковічу дазволілі прысутнічаць пры гэтым, і пісьменнік быў вельмі ўражаны відовішчам маленькага жывога сэрца на чалавечай далоні. Аднак яму хутка стала блага і ўсю аперацыю ён не бачыў. Узрушаны Шыковіч з'явіўся на пасяджэнне гаркома партыі, дзе слухалася пытанне аб выхаванні дзяцей бацькамі-камуністамі. Гукан запатрабаваў вынесці Шыковічу суровую вымову. У сваім выступленні ён назваў выклікам партыйнай этыцы нават тое, што Уладзіслаў Шыковіч працуе ў лепшай брыгадзе станкабудаўнічага завода. У патрабавальнасці Гукана сакратар гаркома Тарасаў адчуў дрэнна схаваную непрыязнасць да пісьменніка і не мог адшукаць прычыну гэтага. Партыйнае пакаранне Шыковіча хвалявала мала — ён перажываў за сына, не хацеў, каб яго выкінулі з брыгады.
Да архіўных пошукаў Шыковіч падключыў КДБ. Капітан Сербаноўскі папярэдзіў, што рэабілітаваць доктара Савіча будзе вельмі нялёгка, бо ў яго справе няма для гэтага ніводнай зачэпкі. У слушнасці слоў капітана пісьменнік упэўніўся сам, калі праз нейкі час атрымаў магчымасць пазнаёміцца з дакументамі. Ён, аднак, не звярнуў увагу, што папку расшывалі. Сербаноўскаму ўдалося адшукаць паведамленне, што Савіч меў дачыненне да рабаўніцтва аптэчнага кіёска.
Славік, трапіўшы на завод, застаўся ўсё тым «піжонам», які не хоча «рабіць так, як трэба». З-за гэтага ўспыхваюць канфлікты і спрэчкі ў брыгадзе. Разам з тым завод, адносіны паміж рабочымі хлопцу падабаюцца.
На заводзе горача і зацікаўлена абмяркоўваецца Праграма пабудовы камуністычнага грамадства. У сувязі з публікацыяй гэтага важнага партыйнага дакумента збіраецца сход працоўных. Славіка здзівіла, што ніхто пасля заканчэння змены не ўцякаў дамоў, што людзі «засяроджана, сур'ёзна, уважліва слухалі прамоўцаў. Хлопец упершыню адчуў сябе часцінкай магутнай, разумнай сілы, якая не разбурае, а стварае».
Пасля доўгіх пошукаў Кірыла Шыковіч даведаўся адрас сястры інфекцыйнай бальніцы Клаўдзіі Сухадол, якая ў гады вайны працавала з доктарам Савічам. У глухой палескай вёсцы, дзе жыла былая падпольшчыца, яе лічылі знахаркай, і мясцовае начальства чыніла ёй усякія прыкрасці. Старшыня калгаса хацеў нават, каб на знахарку раённы пракурор завёў справу. Сухадол сустрэла Шыковіча не надта ветліва. Дабра ад «прэсы», прывезенай старшынёй, яна не чакала. Аднак пачуўшы імя доктара Савіча, жанчына адразу змянілася. Яна расказала пра дзейнасць падпольнай групы, створанай у бальніцы. Пацвердзіла думку Шыковіча, што Савіча забілі не партызаны, як гэта афіцыйна лічылася, а немцы.
Шыковіч напісаў артыкул «Хто ж такі доктар Савіч?», паклаўшы ў аснову яго расказ Клаўдзіі Сухадол. Але ў друк артыкул не пусцілі. Ён выклікаў спрэчкі спачатку ў рэдакцыі газеты, потым у гаркоме партыі. Да артыкула адмоўна паставіўся Гукан. У час размовы са старшынёй гарвыканкома Тарасаву не спадабалася яго манаполія на ісціну ў дачыненні да дзейнасці.гарадскога падполля. Сакратар гаркома партыі запрасіў да сябе Шыковіча і даў яму прачытаць заяву ў органы дзяржаўнай бяспекі, напісаную Гуканам у 1945 годзе. Гэты дакумент у свой час дасталі з папкі. Гукан паведамляў пра вяртанне Зосі з Германіі, а доктара Савіча характарызаваў, як фашысцкага паслугача і правакатара. Дзякуючы гэтай заяве Зося, вызваленая з аднаго лагера, трапіла ў другі, савецкі.
Пасля аперацыі Зося Савіч нібы зноў нарадзілася на свет, страшная хвароба больш не палохала. Пакуль жанчына знаходзілася ў бальніцы, Яраш і Шыковіч «выбілі» ёй кватэру, бо пасля вяртання ў горад яна жыла на прыватнай. Зрабіць гэта вядомым у горадзе людзям было няпроста — усякія «але» знаходзіў старшыня гарвыканкома. Яраш, Шыковіч і Маша паклапаціліся таксама пра мэблю.
Маша пасля паездкі на Ярашаву дачу чакала, што нехта, Славік ці Тарас, захоча з ёй сустрэцца. Аднак хлопцы ініцыятывы не праяўлялі. Тады яна сама патэлефанавала Шыковічу і, змяніўшы голас, прызначыла спатканне. Пры сустрэчы разыграла ўсё так, нібы апынулася тут зусім выпадкова. Назаўтра радасны Славік (Маша яму спадабалася яшчэ больш) перадаў Тарасу, што ім цікавіліся. Брыгадзір, пераадолеўшы нерашучасць, патэлефанаваў Машы на працу і запрасіў яе на канцэрт. Дзяўчына адкрыла для сябе, што яна, вогненна-рыжая істота, можа падабацца хлопцам, і гарэзавала, ходзячы на спатканні і са Славікам, і з Тарасам. З першым ёй было весела, з другім — цікава. Але хутка шалапутны Шыковіч дзяўчыну раззлаваў, яна не стала з ім размаўляць нават па тэлефону. Хлопец вырашыў падпільнаваць Машу ля дома. Тады і адкрылася, што яго абранніца сустракаецца з Тарасам.
Праз дзень, прыехаўшы з Тарасам на дачу, ён запрасіў шчаслівага суперніка на паляванне і прапанаваў страляцца. Тарас адмовіўся, і гэта Шыковіч расцаніў як страх. Замацоўваючы маральную перамогу, Славік ударыў хлопца, аднак той, фізічна мацнейшы, у даўгу не застаўся.
Пра «дуэль» на поплаве Тарас расказаў прыёмнаму бацьку. Яраша вельмі здзівілі паводзіны Машы: ад «залатой сястры» такой лёгкадумнасці ён не чакаў. На лузе пабітага Славіка яны не знайшлі, і Яраш павёз Валянціну Андрэеўну ў горад. Шыковічу-бацьку вырашылі пра гэта не расказваць. Калі з'явілася маці, Славік ляжаў на канапе з мокрым ручніком на твары і шукаў у сабе нянавісць да ўсяго свету. Толькі яе чамусьці не было.
Яраш нарэшце даў дазвол пісьменніку пагаварыць з Зосяй. Мужчыны ўдваіх завіталі да яе на кватэру (жанчына жыла разам з Машай). Савіч расказала, як у іх доме цэлы тыдзень хаваўся партызанскі кіраўнік. Менавіта тады яна пераканалася, што бацька даўно ўдзельнічае ў барацьбе з акупантамі. Зося агародамі вывела дзядзьку Сажаня, так назваўся гэты чалавек, у патрэбнае месца і засталася начаваць у жонкі бургамістра. Як тлумачыў бацька, выпраўляючы яе ў небяспечнае падарожжа, так патрэбна было для канспірацыі. У тую ноч усё і здарылася. Доктар адстрэльваўся. На наступны дзень фашысты аб'явілі, што на дом доктара Савіча напалі партызаны. Хавалі доктара як важную, заслужаную асобу. Зосю нейкі час угаворвалі падпісаць ліст у газету супраць забойцаў бацькі, партызанаў. Потым яе забралі ў гестапа, дапытвалі. Праз нейкі час адправілі ў канцлагер.
Пасля бойкі з Тарасам Славіку было няпроста з'явіцца на працу. Аднак хлопцы самі зайшлі праведаць хворага, які нібыта ўпаў з матацыкла. Шыковіч не падазраваў, што гэта версія з'яўлення яго і Тарасавых сінякоў нарадзілася калектыўна, бо брыгадзір ад сяброў нічога не ўтаіў. Шыковічу даваўся яшчэ адзін шанц «стаць чалавекам».
У гэту восень, надзіва лагодную і цёплую, было шмат грыбоў. Пасля кожнага выхаднога Яраш хваліўся калегам грыбной удачай. Аднойчы Маша папрасіла ўзяць у лес яе і Зосю. Пасля некаторых ваганняў (з-за дурной жончынай рэўнасці) доктар згадзіўся. Знаходзячы баравікі, Зося радавалася, як дзіця, здалася яна Ярашу памаладзелай і прыгожай. На дачы, калі грыбнікі вярнуліся з Лесу, іх чакаў непрыемны сюрпрыз: побач з Шыковічам на лаўцы сядзела Гаецкая. Яна прыехала ў «госці» на санітарнай машыне. Пакінуўшы нязваных гасцей злоснаму Шыковічу (таго адарвалі ад працы), Яраш са сваімі спадарожніцамі вярнуўся ў горад.
Гаецкая рашыла помсціць. Яе людзі хутка даведаліся, што зрабілі для Зосі Савіч Яраш і Шыковіч. Стала вядомай нават сума грошай, якую кожны зняў з ашчаднай. кніжкі. I паляцела па горадзе брудная плётка. Да Галіны Адамаўны Гаецкая вырашыла зайсці сама. Аднак пацешыць самалюбства роспаччу жонкі Яраша ёй не ўдалося, тая выгнала ненавісную суперніцу з кабінета. Разам з тым не паверыць Гаецкай Галіна Адамаўна не змагла. У бурны сямейны канфлікт на гэты раз аказаліся ўцягнутымі дзеці. Дачка рашуча стала на бок бацькі, сын стараўся неяк супакоіць маці. Спрабаваў памірыць прыёмных бацькоў Тарас.
Жонка Шыковіча таксама атрымала пісьмо. Аднак Валянціна Андрэеўна ніколі не траціла розуму і не кідалася ў гарачку. Яна не паверыла ні ў сувязь Яраша з Зосяй, ні ў раман свайго мужа з Машай. Мужу Валянціна Андрэеўна пісьмо паказала. Параіўшыся, Шыковічы паехалі мірыць Ярашаў, што аказалася зусім няпроста.
На сесіі гарсавета Гукан спытаў у Тарасава, ці ведае ён пра інтымнае жыццё доктара Яраша. Сакратар гаркома гэту навіну пачуў ад жонкі і спачатку нават быў паверыў. Але пачуўшы яе ў другі, трэці... дзесяты раз, ён зразумеў, што хтосьці стараецца скампраментаваць вядомага чалавека. «Старую любоў Яраша з дачкой Савіча» Гукан звязаў з «прынцыповай» падаплёкай артыкула Шыковіча». Ад гэтых слоў старшыні гарвыканкома Тарасава скаланула. Ён «раптам адчуў, зразумеў: чалавек гэты варожы яму па духу, па складу думак, па адносінах да людзей — па ўсім. I нельга яму паблажліва дараваць!»
Шыковіч не сумняваўся ў патрыятызме доктара Савіча. Аднак і ён не мог растлумачыць, навошта немцам спатрэбілася з забітага падпольшчыка рабіць ахвяру партызанскай помсты. Знайсці адказ дапамог супрацоўнік КДБ Сербаноўскі. Былы следчы паліцыі Швагераў, справа якога пераглядалася, расказаў, як гестапа стала вядома пра сапраўдную дзейнасць Савіча. Маскарад з забойствам і пахаваннем доктара быў патрэбны, каб дэмаралізаваць тых, хто звязаны з падполлем. Як бы ўзняла дух людзей вестка, што шасцідзесяцігадовы доктар, кіраўнік аддзела гарадской управы вёў актыўную барацьбу з ворагам!
Пра тое, што ў справе доктара Савіча больш няма белых плям, Шыковіч хоча расказаць Зосі. Аднак Яраш, шукаючы прымірэння з жонкай, даў слова ніколі не пераступаць парог кватэры гэтай жанчыны. I ўсё ж ён згаджаецца пайсці. У кватэры, акрамя Зосі і Машы, быў яшчэ Тарас; доктар адразу пашкадаваў, што згадзіўся з прапановай сябра. Цяпер трэба было тлумачыць сітуацыю прыёмнаму сыну.
Славік праклінаў у душы тую хвіліну, калі вырашыў пазабаўляцца з «дзятлікам», кранаўшчыцай Нінкай. Апошнім часам ён ад дзяўчыны хаваўся, але яна падпільнавала Славіка ля склада і агаломшыла: «Такая цана тваім словам?.. Ведай жа: або на сябе рукі налажу, або цябе станінай прыдушу. Цяпер мне ўсё адно не жыць». Перасільваючы непрыязнь, хлопец зноў чакаў Нінку пасля змены, хадзіў з ёй у кінатэатр, дзе аднойчы сустрэў Тараса з Машай. Брыгадзір пазнаёміў дзяўчат. Славік жа бачыў толькі Машу: гаварыў, жартаваў, купляў дарагія цукеркі, шампанскае толькі дзеля яе. Нінка ўсё зразумела, і хоць ёй было вельмі балюча і горка, больш нічога не патрабавала ад Шыковіча.
Пасля публікацыі артыкула пра дзейнасць падпольнай групы ў інфекцыйнай бальніцы жывыя сведкі, на што спадзяваўся Шыковіч, тэлефон не абрывалі. I ўсё ж адзін, патрэбны, з'явіўся. Ён назваў сапраўднае імя і прозвішча Сажаня. Каб быць абсалютна ўпэўненым, Шыковіч некалькі здымкаў ваеннага часу і пазнейшых паказаў Зосі. Жанчына на іх пазнала чалавека, які хаваўся ў іхнім доме. Гэта быў Сцяпан Гукан. Да старшыні гарвыканкома пісьменнік не пайшоў. Ён вырашыў пагаварыць з першым сакратаром гаркома партыі.
Тарасаў мог яшчэ неяк зразумець паводзіны Гукана ў першыя пасляваенныя гады, калі ў грамадстве панавалі звышпільнасць і падазронасць. Але маўчанне пазней, калі «партыя пайшла да народа са словам праўды», можна было растлумачыць толькі страхам за ўласную кар'еру, пасаду, славу. Размову са старшынёй гарвыканкома сакратар гаркома закончыў тым, што не хоча яму падаваць пры сустрэчы руку, тым больш разам працаваць.
Славік вырашыў сказаць Машы пра свае пачуцці, шукаў з ёй сустрэчы. Выпадак звёў на катку, але размове перашкодзіў Яраш, які з'явіўся там з усім сямействам.
Каб не выносіць асабістую справу Уладзіслава Шыковіча на пасяджэнне камітэта камсамола, Тарас паабяцаў абмеркаваць сітуацыю ў брыгадзе. Славік убачыў у гэтым жаданне брыгадзіра паквітацца. Брыгадзір паставіў Шыковіча перад выбарам: «Калі ты сумленны перад Нінай, перад намі, —прыходзь заўтра ў брыгаду і — працуй... Калі ж ты зрабіў подласць і не маеш мужнасці прызнацца, — не прыходзь... Праўду не схаваеш. Выганім з ганьбай!» Славік не спаў усю ноч, думаў. Раніцай сказаў маці, што ў яго выхадны. Набліжаўся Новы год, і маці выправіла сына за ёлкай. У горадзе ён сустрэў Машу, яна таксама несла пушыстую елачку. На прызнанне Славіка папрасіла, каб ён выкінуў яе з галавы, яна выходзіць замуж за Тараса.
Кінуўшы ёлку, хлопец доўга і бязмэтна блукаў па горадзе. Убачыўшы каля рэдакцыі бацькаву машыну, захацеў з'ехаць, уцячы ад усіх. На шашы Славік выціскаў са старога «масквіча» максімальную хуткасць. За ім гналіся, яго лавілі... Але ў нейкі момант хлопец адчуў, што з машынай штосьці не тое, і, спалохаўшыся, міжволі націснуў на тормаз. Калі ён апрытомнеў у бальніцы, то ўбачыў над сабой родныя матчыны вочы. Валянціне Андрэеўне дапамагала Маша, яна засталася На працы пасля дзяжурства. Ратаваў хлопца, выводзіў з шоку Яраш. Праз дзень у бальніцу прышла ўся брыгада. Хлопцы папрасілі Машу перадаць Шыковічу, што яны яго чакаюць на заводзе.
Галіна Адамаўна даведалася, што муж заходзіў да Зосі. Зноў —- папрокі, слёзы, думкі пра развод і цяжкае прымірэнне. Маша патэлефанавала, калі Яраш толькі вярнуўся з працы. Зося Савіч, пакуль яны ратавалі Славіка Шыковіча, некуды з'ехала. У пісьме яна тлумачыла, што не хоча, каб у дарагога чалавека з-за яе былі непрыемнасці. Галіна Адамаўна зразумела прычыну Зосінага ад'езду: тая кахала Яраша і не хацела сваім пачуццём прычыніць яму боль. Такую ахвярнасць Галіна Адамаўна ацаніла і супакоілася. Калі дачка вярнулася з катка, то ўбачыла бацькоў за святочным сталом. Яраш прапанаваў тост за добрых людзей і думаў у гэты час пра Зосю. Дзе яна? Куды магла паехаць?
Мастацкія асаблівасці
Раман «Сэрца на далоні» (1960—1963) задумваўся і пісаўся ў час так званай хрушчоўскай адлігі, калі быў асуджаны культ асобы Сталіна, пачалася рэабілітацыя нявінных ахвяр таталітарнага рэжыму. На пачатку твора пісьменнік і журналіст Кірыла Шыковіч гаворыць: «Адбыліся такія падзеі! Пераварот у мазгах, у сэрцах». З вышыні сённяшняга часу відавочна, што ў 50—60-я гады была адкрыта толькі нейкая частка праўды пра антыгуманнасць дзяржаўнай сістэмы.
Адна з асаблівасцей таленту I. Шамякіна — падключанасць да сучаснасці. Падзеі, канфлікт у рамане самым непасрэдным чынам звязаны з жыццём савецкага грамадства напачатку 60-х гадоў. Так, героі рамана актыўна абмяркоўваюць прынятую XX з'ездам КПСС Праграму пабудовы камунізму. Брыгада Тараса называецца камуністычнай. Гэта працоўны калектыў будучыні, з'яднаны не толькі высокім прафесіяналізмам, але і маральнымі, светапогляднымі прынцыпамі. Перадавой свядомай сілай грамадства ў творы паказваецца рабочы клас, таму перавыхаванне сына інтэлігентаў Уладзіслава Шыковіча адбываецца на заводзе.
Пісьменнік выводзіць у творы кіраўнікоў старога і новага тыпу, што таксама было павевам часу. Гукан у працы бачыць толькі справу, Тарасаў імкнецца зразумець кожнага чалавека. Варта адзначыць, што супрацьпастаўленне старшыні гарвыканкома і сакратара гаркома ў I. Шамякіна не лабавое. Гукан не з'яўляецца прыстасаванцам і кар'ерыстам. Хірург Яраш на першых старонках твора характарызуе яго наступным чынам: «Нягледзячы на яго кнігу, я паважаю Гукана. Чалавек ваяваў добра і папрацаваў дай Бог кожнаму». Аднак менавіта ён настойліва і мэтанакіравана супраціўляецца той праўдзе, якую шукае Кірыла Шыковіч, непрыгожа помсціць журналісту. Гукан не адчувае ніякай віны перад Зосяй Савіч, яе загінуўшым і абылганым бацькам.
Як паказвае аўтар, Гукан з тых людзей, для каго шчырасць, удзячнасць, добразычлівасць мала што значаць. Зося, згадваючы гады вайны, адзначае: «Ён ні разу не сказаў мне дзякуй... Мне... крыўдна рабілася. Не за сябе. За яго. Фашыст Грот такі ветлівы, што бясконца, на кожным кроку: данке, данке, данке. Мне хацелася, каб наш чалавек, ды яшчэ такі кіраўнік, быў у сто, тысячу разоў больш культурны і ветлівы». Падзякаваў партызанскі камандзір толькі за віншаванне са святам Першага мая — гэта для яго было істотным і важным. Здаецца, Гукана нельга назваць палахліўцам. Сваю ваенную біяграфію ён прыгадвае ў размове з Тарасавым: «Я эвакуіраваў горад— не баяўся. Адступаў да Масквы :— не баяўся. Мяне паслалі назад у тыл — я не баяўся, не бегаў па камісіях, як другія. Ні разу не скакаў з парашутам — скочыў, у ноч, у балота, пад бокам у нямецкага гарнізона. Вадзіў людзей на аперацыі — не баяўся. Пайшоў у горад на сувязь, каб наладзіць разбітае падполле, — не баяўся». Аднак, вярнуўшыся ў партызанскі атрад, Гукан не сказаў, у каго хаваўся ў горадзе. Пасля Перамогі не толькі не назваў сваіх выратавальнікаў, а і пацвердзіў іх здрадніцтва. Прычыну такіх паводзін персанажа аўтар бачыць у ім самім. Тарасаў жорстка папракае Гукана: «Дрыжэў за сваю скуру... Дрыжэў, як апошні баязлівец. Страціць партызанскую славу, кар'еру — вось чаго ты баяўся!»
Але, выносячы на суд чытача віну персанажа, пісьменнік не хоча бачыць яго бяду. У той час вельмі мала што залежыла ад Гуканавай смеласці. Такая пазіцыя аўтара рамана таксама абумоўлена часам. Праз два з паловай дзесяцігоддзі ў аповесці «Ахвяры» (1989) I. Шамякін раскажа пра дзейнасць сталінска-берыеўскіх вартавых, што за спінамі змагароў з фашызмам «дбалі» пра патрыятызм грамадства, пакажа ахвяр іх падазронасці і пільнасці.
Сакратар гаркома партыі — кіраўнік новага тыпу, — які ўмее і думаць, і кіраваць па-новаму, паўстае цалкам станоўчым. Тарасава нельга назваць яркім запамінальным характарам. Пры абмалёўцы гэтага персанажа пераважаюць ідылічныя фарбы.
Асноўная сюжэтная лінія рамана — змаганне за добрае імя доктара Савіча, які доўгія гады лічыўся здраднікам. У эпіцэнтры гэтага змагання апынуўся пісьменнік Шыковіч, чалавек няўрымслівы і імпульсіўны. У час працы з Туканам над кнігай пярэчанняў, нязгоды ў Шыковіча не ўзнікала. Жаданне «ператрэсці» кнігу нарадзілі грамадска-палітычныя змены. Напачатку здаецца дзіўным, чаму Яраш, былы падпольшчык, які не прыняў Гуканаву кнігу, не хоча варушыць мінулае. У адрозненне ад сябра, ён добра разумее, што мінулае — гэта чалавечыя лёсы, трагедыі і драмы жывых людзей. I калі звяртацца да іх, то дзеля справядлівасці і праўды. Ён баіцца, каб перагляд падзей для некага не стаў сродкам засведчыць уласную смеласць, альбо папсаваць апаненту нервы, звесці асабістыя рахункі. Да гонару Шыковіча імкненне да праўды вяло яго ў працы над узнаўленнем гісторыі гарадскога падполля.
З новым, што пачало ўмацоўвацца ў жыцці савецкага грамадства, звязана ідэя рамана (галоўная думка). Гэта — заклік гуманна ставіцца, паважаць, верыць кожнаму чалавеку. Сімвалічная назва («Сэрца на далоні»), вобраз сэрца, які шмат разоў з'яўляецца на старонках твора, таксама працуюць на раскрыццё ідэі рамана. Спакутаванае, хворае сэрца Зосі (хвароба выклікана бязлітаснасцю вайны, жорсткасцю і помслівасцю пасляваеннага часу) лечыць доктар Яраш. Лечыць праз боль (у руках у яго скальпель). Гэтым пісьменнік гаворыць, што няпроста, з болем, пакутамі адраджалася праўда ў жыцці грамадства.
У рамане « Сэрца на далоні» арганічна спалучаны ваеннае мінулае і сучаснасць, што стане характэрным для многіх пазнейшых твораў I. Шамякіна. Пісьменнік выступіў майстрам пабудовы сюжэту, звязаўшы ў адно цэлае шмат адметных чалавечых лёсаў (сем'і Яраша і Шыковіча, Зося Савіч, Маша, Гукан, Тарасаў, Клаўдзія Сухадол, Тарас і члены яго брыгады і т.д.). Само сюжэтнае дзеянне ў творы дынамічнае і напружанае, аўтар умее не толькі зацікавіць чытача, але і заінтрыгаваць яго.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь. Мы рекомендуем Вам
зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.