Песня 1
У карчме весяліцца вясковы люд, п'юць гарэлку, танцуюць, спяваюць. З'яўляюцца войт з аканомам, вяселле спынілася, усіх апанаваў страх. Не спалохаўся толькі Гапон. Ён закрычаў, каб маладыя ўцякалі з хаты, бо ходзяць чуткі, «што некрутаў будуць браць». Хоць Гапон адчайна супраціўляўся, «яго, беднага, звязалі дый у калодкі скавалі».
Песня 2
У вялікім сяле стаялі хаціны дзвюх удоў, Усцінні і Грыпіны. У першай з іх быў сын Гапон, «горды, смелы, зух дзяціна», прыгожы і нават пісьменны. У другой — дачка Кацярына. I маткі, і дзеці думалі пра вяселле, ды ўмяшаўся аканом. Ён пачаў заляцацца да дзяўчыны, тая ж прыгразіла, што паскардзіцца Гапону.
Аканому даклаў карчмар, што Гапон збіраецца ажаніцца з Кацярынай. Ён страшэнна раззлаваўся. Калі войт прывёў хлопца, то кінуўся да яго з кулакамі, каб не вольнічаў, «без двара ў сваты слаць». Гапон абразы не стрымаў і пан аканом вымушаны быў ратавацца ўцёкамі.
Помсцячы, ён абылгаў Гапона перад пані і хлапца аддалі ў салдаты. Кацярыну «зазваў у двор», паставіўшы за мэту дабіцца ўзаемнасці. Дзяўчына не бачыць выйсця, плача і просіць Бога, «штоб акончыў цяжкі мукі».
Выпадкова пачула галашэнні сіраты пані. Пачала пытацца, хто яе так пакрыўдзіў, і даведаўшыся праўду, прагнала аканома, а Кацярыну ўзяла «пакаёвай дзяўчынай». «Пані яе палюбіла, чытаць, пісаць навучыла».
Песня 3
Пайшоў пяты год, «Гапон на вайне як служыць, Кацярына па ім тужыць».
У горадзе Магілёве ідзе набор у войска. Поруч з «ясным маршалкам», строгім панам з крыжамі (узнагародамі. — Т. Г.) на грудзях, «пузатым, быццам, мядзведзь, такім касматым», доктарам і тоненькім, хітрым пракурорам сядзіць малады прыгожы афіцэр.
Першым перад камісіяй апынуўся былы аканом, які к гэтаму часу стаў аднадворным (набыў уласную гаспадарку). Доктар, агледзеўшы аканома, знайшоў ганьбу («Відна, з сабой яны зналісь, пярвей, відна, пастаралісь», — адзначаецца ў творы). Аканом усяляк жаліцца на свае здароўе.
Малады афіцэр кінуўся да аканома. Загадаў здаць яго ў салдаты, адправіўшы спачатку ў лазарэт і праверыўшы яго хваробу. Перапалоханы аканом у афіцэры пазнаў Гапона.
Песня 4
Кацярына ў пакоях пані знешне вельмі змянілася — «панску гаворку сумела і сукеначку надзела». Але яна не здрадзіла вясковаму жыццю, тужыць па ім, як і па каханаму.
Аднойчы вечараму двор з'явіўся афіцэр. Ён кінуўся пані ў ногі з просьбай злучыць яго з каханай дзяўчынай. Кацярына, пазнаўшы Гапона, таксама прыпала да ног сваёй заступніцы.
Гапон, хоць «чыноў дажыўся», вырашыў «простым звычаем, мужыцкім абычаем» гуляць вяселле. Ён пасылае сватоў да Агрыпіны. Пасля сватання (запоін), жаніх едзе да хаты нявесты, потым, разам з Кацярынкай — да пані, запрасіць на вяселле. Пані
Прыгожы пасаг дала,
Радасну слёзку ўраніла,
Маладых благаславіла,
Сама к вянцу павяла.
Мастацкія асаблівасці
Вершаваная аповесць «Гапон» была напісана ў 1855 г. і працягвала гаворку пра праблемы, закранутыя ў «Ідыліі». Аднак, калі ў першым творы галоўнымі героямі выступалі паны, то ў «Гапоне» імі сталі мужыкі. Жыццё простага працаўніка, такім чынам, паказваецца больш шырока.
Разам з тым і тут сустракаюцца вобразы добрай пані і злога аканома, а ў лёсе галоўных герояў Гапона і Кацярынкі адбываюцца шчаслівыя перамены. Здадзены ў салдаты Гапон не прапаў на вайне, а даслужыўся да чыноў, стаў афіцэрам. Нават паквітаўся са сваім крыўдзіцелем: выкрыў яго хлусню і адправіў у войска. Кацярынка ў пакоях пані дачакалася каханага.
Пісьменнік у творы паказаў цяжкое, бяспраўнае становішча селяніна. I пры добрай пані забралі ў жанчыны-ўдавы адзінага сына. Пані баіцца, каб «хлопы» не ўзбунтаваліся, не паўцякалі ад рэкруцкага набору ў лес, таму згаджаецца аддаць у салдаты Гапона. Аднак яна прычынілася да няправеднай справы з-за ўласнай даверлівасці і наіўнасці. Пісьменнік не кідаў крытычных стрэл у адрас гаспадыні двара. Пачуўшы расказ Кацярынкі, пані «і ўспляснула рукамі, і залілася слязамі». Адразу загадала, каб «пана аканома ні нагі тут каля дома за гадзіну не было». Кацярынка і Гапон плацяць пані адданасцю і павагай.
Паказваючы ўзаемаадносіны паноў і прыгонных сялян, В. Дунін-Марцінкевіч ствараў ідылічны, далёкі ад рэальнага жыцця свет. Карцінамі класавага міру і ўзаемапаразумення паміж багатымі і беднымі ён імкнуўся ўздзейнічаць на норавы і свядомасць сучаснікаў, найперш прадстаўнікоў пануючага класа. З сімпатыяй і павагай ставячыся да чалавека працы, пісьменнік хацеў адкрыць скарбы душы народа, яго таленавітасць, маральную чысціню тым, хто быў далёкі ад селяніна. Ідэя гуманная, аднак, на жаль, мала прыдатная для істотных змен у жыцці грамадства. У яе ўтапічнасці досыць хутка пераканаўся і сам В. Дунін-Марцінкевіч.
У вершаванай аповесці «Гапон», як і ў іншых творах дарэформеннага перыяду, пісьменнік шырока выкарыстоўваў фальклорныя сродкі — прыказкі, прымаўкі, параўнанні, апісанні і г. д. Выразна па узорах вуснай народнай творчасці малюецца, напрыклад, партрэт маладой дзяўчыны:
У Грыпіны ж Кацярына,
...Як у садочку маліна,
Расла, цвіла, даспявала;
На шчоках кроў з малаком,
А вочкі блішчаць агнём...
Часам В. Дунін-Марцінкевіч уводзіў у творы фальклорны матэрыял без ніякіх змен (у «Гапоне», напрыклад, прыпеўкі). Даследчык В. Жураўлёў у сувязі з гэтым адзначае: «Знешнія і не заўсёды глыбінныя сувязі вуснапаэтычных і літаратурных ліній у мастацкай структуры твора сведчаць не толькі пра індывідуальную творчую манеру пісьменніка, але адлюстроўваюць таксама заканамерны, канкрэтна-гістарычны перыяд узаемадзеяння новай, прафесійнай беларускай літаратуры з народнай паэзіяй».
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь. Мы рекомендуем Вам
зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.