Ведай, свет, што я сын мужыка-бедака,
Які доўга ў няволі стагнаў...
Ўзгадавала мяне яго чорна рука,
А купала нядолі адвечнай рака,
Голад, холад мне ў твар пазіраў...
Дні ішлі... Ў беднай вёсцы пеў песні народ,
Разганяў гэтай песні нуду...
Ў полі жыта ў снапах, нібы той акалот,
Хата згніўшая ўся, хлеў стары без варот,
Вось якую я бачыў бяду...
Ўсе казалі, што й сын, як і бацька-мужык,
Перад панам свой горб будзе гнуць...
Што з другімі людзьмі ён не пойдзе у лік,
Запрацуе сабе лапці з ліпавых лык,
Вольнай песні не будзе ён чуць.
І запала тады іскра ў сэрца грудзей,
Запаліла там помсты пажар,
І з агнём тым у свет я пайшоў да людзей,
Песні сам пачаў пець я пра волю смялей,
Каб быў кожны сабе гаспадар.
Бач, ад песні маёй скалыхнуўся ўвесь свет,
Сонны край я ураз разбудзіў...
І на тым кургане, дзе спяваў сумна дзед,
Дзе мінулай няволі не змыт яшчэ след,
Прамень шчасця ужо засвяціў.
Паўстаюць, як з зямлі, рвуцца к волі з цянёт,
Песня ў сэрцы спаткала адгук!
Йдуць да сонца яны, йдуць к жыццю - напярод,
Абагрэцца хутчэй, асушыць кроў і пот,
Загаіць мазалі чорных рук...
Ведай, свет, я вясковы - мужычы сынок,
Я пяю, што пяе селянін...
А ты чуеш? Іграе заводаў гудок,
Ў кузні гучна звініць каваля малаток, -
Пра адно мы пяем як адзін!
1921