Я аглядаў чужыя гарады,
Не нашы помнікі не нашай славы —
I быў ад крыўды зрок слязой засланы,
I біў у скроні думкі ток круты:
Нелітасцівы быў наш лёс, браты:
Красу, што продкі з любасцю стваралі,
Чужынцы з лютасцю агнём сціралі,
Каб не ўцалелі нават і сляды.
Але сціхаў няўчуты крык бяды —
I паўставала з небыцця нанова
Краса ў абліччы каменя і слова,
Каб зноў зрабіцца прахам праз гады.
I зноў кляліся прадзеды-дзяды:
"Сто раз памром, а не пакінем верыць
У нашу заўтрашнюю славу-веліч,
У нашы заўтрашнія гарады!.."
I зноў нам свеціць ранак малады,
Свой новы лёс народ упарта творыць.
Адкуль жа ў песні праступае горыч?
З глыбінь вякоў... Там — бездань гаркаты.
1983