Лісты да сабакі
Опубликовал: Admin
7-10-2020, 04:25
Просмотров: 1169
Комментарии: 0
Жыву цяпер я ў шумнае сталіцы,
Далёка ад цябе, мой любы дружа.
Ляжыць акраец хлеба на стальніцы,
А ў збане на вакне юнацтва ружа.

Вятры павеюць хутка золкай сцюжай,
І ліст крывавы свой яна уроніць,
Праходзіцьме натоўп з душой няўхлюжай
І ў гразь утопча, апусціўшы скроні.

І толькі я адзін, паэт бяздомны,
Над ім схілюся й акраплю слязамі.
Тады заброснеюць душы затоны,
Калі ў грудзёх мой дух зусім мне займе.

А покуль: б'е жывой вады крыніца
І хваля творчая гарачым пульсам.
Нашто ж мне падхалімам быць, крывіцца
І ў хмары ўрэзвацца чырвоным буслам?

Лепш вольным птахам рэзаць шыр нябёсаў
І супраць ветру размахнуць крыламі.
Хто хоча - кпіце над пяснярскім лёсам
І бэсьце, лайце у гандлярскай краме.

Трывожнасць рытму песню агартае, -
Нязнана-востры боль у адчуваннях.
Мне лепей быць звычайным бы ратаем,
Чым грэх з сябе змываць ў атрутнай ванне.

Даруй, што я пішу табе аб гэтым, -
Тваё нутро гатоў яшчэ расчуліць.
Вартуй, вартуй лепш хату да рассвету,
Вуглоў каб не разнеслі людзі вуліц.

Я ведаю - цяпер у вас там восень
І ночы чорныя жуду калышуць.
Вятры лісты ажоўклыя разносяць
І намятаюць гурбамі ў зацішак.

І ты адзін правёў у ноч такую,
Правёў мяне ў далёкую дарогу.
Гадзіну гэту кожны год святкую
І слухаю, ці ў дзверы хто не дрогне.

Ніхто, ніхто! Зацяты ланцугамі...
Хтось рукі заламаў у далях сініх.
Вартуй, мой дружа, родны ганак, -
Пішу аб гэтым я табе з Расіі.

2

Успомніў восень я пятнаццатага года,
І уваччу змяёй узвіўся чорны шлях.
Ніводзін дзень не ведаў ласкавай пагоды, -
За навальніцай навальніца смерці йшла.

У гэту восень стаў народ наш сіратою, -
Ўздыхнулі цяжка хвалі віленскіх вазёр.
Ў капліцы дзён жахлівых брат сканаў з сястрою;
У слёзна-золкім небе згасла радасць зор.

Ніхто з людзей не мог адчуць наш боль трагічны;
Была страшная зяб - рыпелі косці дрэў,
Карэнні іхніх ног былі ў крыві крынічнай.
Выгнання дзень, бы злодзей, краўся па дварэ.

І ты стаў бежанцам у гэты дзень закляты, -
Пайшоў па шчасце у чужацкую зямлю.
Ты выць пачаў пад крыжам і пад хатай
І вочы слёзныя закатваць у імглу.

Ты позняй восенню ў палёх глухіх брадзяжыў,
Знайсці прыстанішча сабе ніяк не мог.
Імгліліся жудою хмары сыпкай сажы,
А ты пад імі выў і грыз балотны мох.

І ты, і гаспадар твой сталі жабракамі;
Калі ж вас людзі праганялі з-пад вакна,
Тады чало сціскаў ты лапамі-рукамі
І церні вырываў з пакутнага вянка.

Ішлі гады, міналі дні падзей суровых,
Вяртацца сталі ўсе ў асірацелы дом.
Змянілі шум даўнейшы свой лясы, дубровы,
І поле зарасло бадыльнікам кругом.

Ад мяса і крыві набухлі жылы глебы;
Да іх вярнуцца ты не змог, не здолеў больш.
Твой гаспадар цябе змяняў на бохан хлеба,
Па целе па тваім тады прабегла дрож.

Пайшоў ты ад сваіх, галоў на дол схіліўшы,
Да бацькі да майго, дзе я цябе й сустрэў.
Падумаў ты: у свеце гэтым многа лішніх,
І смагла слёзы піў, што падалі са стрэх.

Былі ці не былі ў нас родныя натуры,
А толькі мы адзін другога сталі разумець.
Замоўклі рэвалюцыі вялікай штурмы,
Атрэслі клёны ў сінь лістоў ажоўклых медзь.

І я пайшоў у горад за нязнанай славай,
А ты астаўся там жа пад страхой старой.
Ліста мне ад цябе ні разу не прыслалі,
Хоць ты й пісаў яго вячэрняю зарой.

Туга і боль душу пабілі мне на раны,
І я пачаў успамінаць цябе часцей,
Пачаў выходзіць на шляхі-дарогі раннем
І запрашаць к сабе няведамых гасцей.

Ўспамінаў аб табе усё ж нікому не рассеяць;
І знаю я, калі вярнуся ў родны дом,
Адно спазнаеш ты, спазнаў як Адысея:
Прымі ж ты ад мяне гарачы мой паклон.

3

Ці я ў тэатры, ў рэстаране п'яным,
Дзе радасць распіваюць пад джаз-банд,
Усюды зрок вачэй блакітных вяне,
І ўсюды бачу я жалобны бант.

Няхай сабе я сёння й страшна хворы,
Не трэба ўсё ж рэцэптаў для душы.
Сталеццямі гараць і свецяць зоры,
І іх вятры не ў сіле затушыць.

Няхай, няхай гавораць так і гэтак,
А я пішу табе ўжо трэці ліст,
Няхай сабе аблаюць і ў газетах,
Мо ўспомніць часам хто калісьць.

Мой дружа, ці ж у гэтым рытмы песень
І смутак нашай сонечнай красы?
Калі паэт галоў на грудзі звесіць,
Няўжо краіне ён тады не сын?

Мне часта зябка й холадна бывае,
І ўсё ж ніхто ні разу не сагрэў,
Не цалаваў жа здраднымі губамі
Ніколі я лістоў, апаўшых з дрэў.

Стаю вось перад Зімнім тут палацам
І ўвесь, не ведаю й чаго, дрыжу.
І сам не ведаю, чаго так плачу...
Хто там? Прыйдзі хутчэй і укрыжуй!

Канец хай будзе ўсім маім цярпенням;
Няхай лісты развеюцца з асін,
З чала краіны вырву ўсё ж я церні,
Каб болю іх не ведаў болей сын.

Няўжо мне ранаў песня не загоіць,
Што гэтакі трывожны б'ецца пульс?
Паэт, які не ведае агоній,
Не здолее уславіць Беларусь.

Ой, гэта слова, слова дарагое!..
Ах, дружа мой, заўсёды рытм саб'е!
Я ж напісаць хацеў зусім другое,
Хацеў у госці запрасіць цябе.

Адно вось толькі думы непакоіць:
Ці ўдасца ўсё ж даехаць да мяне?
Ну, скажам, адвязуць к чыгунцы коні,
Аж бліснуць зоры ў полі з-пад саней.

А там білет, і ты ў вагоне спальным;
Ты снедаць зможаш ў рэстаран зайсці,
У ім зімою зелянеюць пальмы,
І думаеш, зімы няма ў жыцці.

А на вакзал, на светлую платформу
Прыйду я сам, прыйду цябе сустрэць.
Адзін другога горача прыгорнем, -
Даўно, даўно не меў такіх я стрэч.

Не ўспееш з дому перадаць вітання,
Шчэ вочы будуць ў радаснай жальбе,
І тут жа раптам горыч развітання, -
Ў сталіцы не дазволяць жыць табе.

Адзет не будзеш ты ў парадны кіцель,
Не будзеш мець заслугі - медаля,
Збягуцца і абступяць цябе гіцлі,
І будзе шмат іх: дзе ні стань, ні глянь.

Жыві, жыві, знаць, дома лепей;
Услухвайся ў таемны шум і шэпт,
Чужыя людзі ходзяць каля склепа.
Пільнуй! Цябе цалуе твой Язэп.

1927
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь. Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Другие новости по теме:
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.