Свет мой — голенькі ды босы,
Мой бялюткі бацянок,
Засынаеш, як дарослы, —
Пад галоўку кулачок.
Спі... Зырчэйшая за лотаць
Узышла зара ў акне.
Хто нас можа запалохаць,
Калі ты ўсміхнуўся мне?
I сама я на паўслове
Заціхаю. Ноч... Спакой...
Спі, твой раначак ружовы
I блакітны вечар твой.
Спі, мой сыне, спі, мой болю,
Спі, крыло майго жыцця...
Я й сама цяпер з табою,
Як вясёлае дзіця.