Будзе слоту абвяшчаць прагноз,
Лістабой учыніць ператруску.
Песьняй, што расчуліла да сьлёз
Я прыму цябе па-беларуску.
Краю бесславёнага дачка,
Дзякуй лёсу, маю не ў нагрузку —
Зорны крыж Мацея Бурачка...
Ты ўва мне прызнаеш беларуску?
Сто разоў шукай другой красы,
А тым больш што сьвет даўно ня вузкі!
...Ды калі ты не бязродны сын —
Гавары са мной па-беларуску!
Час — вар'ят, шалёнае таксі.
Толькі ўсё ж ня мысьлю я аб спуску.
Кажаш, што магілы зарасьлі?
Памаўчы са мной па-беларуску.