Лірыка кахання ў паэзіі Максіма Багдановіча.
Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкі з сабой прывяла...
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла.
М. Багдановіч
Творчасць Максіма Багдановіча — гэта цэлае жыццё. У зборніку "Вянок" выявіліся мары, спадзяванні паэта, яго інтымныя пачуцці, шчырыя прызнанні ў любві да роднай зямлі. Значнае месца ў творчасці паэта займае інтымная лірыка. Каханне — пачуццё бязмернай павагі да жанчыны, выражэнне гуманнасці і высакароднасці чалавека, крыніца яго лепшых імкненняў. У творах М. Багдановіча гэта пачуццё сагрэта асаблівай цеплынёй, шчырасцю. Сапраўдным паэтычным шэдэўрам інтымнай лірыкі з'яўляецца раманс "Зорка Венера". Ён кранае глыбокай задушэўнасцю, душэўнай чысцінёй, праўдзівасцю выказаных пачуццяў. Лірычны герой твора (юнак) засмучаны тым, што павінен расстацца з любай дзяўчынай. Ён абяцае, што ў далёкім краі, куды едзе, усё сваё жыццё будзе помніць каханую. Пра яе будзе напамінаць і Венера, якой, безумоўна, вядома пра пакуты разлучаных сэрцаў:
Глянь іншы раз на яе, — у расстанні
Там з ёй зліём мы пагляды свае...
Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
Глянь іншы раз на яе...
Сімвалам кахання ў рамансе выступае Венера. Краса вячэрняга неба, яна настолькі моцна ўплывае на ўнутраны стан чалавека, што можа нават з'яднаць позіркі і пачуцці закаханых людзей, якія знаходзяцца ў расстанні. Высакароднае пачуццё закаханага, боль ад расстання з любімым чалавекам, прызнанне ў нязменнай адданасці яму па-мастацку дасканала выказаны ў "Трыялеце", кананічная форма якога патрабавала ад паэта вобразнасці параўнання, далікатнасці, такту:
Мне доўгае расстанне з Вамі
Чарней ад Вашых чорных кос.
Чаму ж нядобры час прынёс
Мне доўгае расстанне з Вамі?
У цыкле вершаў "Мадонны", прысвечаным Ганне Какуевай, М. Багдановіч увасобіў сваё разуменне вобраза мадонны — ідэала высокай красы, жаноцкасці, хараства, дабрыні і чалавечнасці. Паэт знаходзіць рысы мадонны ў вобліку вясковай васьмігадовай дзяўчынкі ("У вёсцы") і гераіні вершаванага апавядання "Вераніка". Паэтычным эпілогам да "Веранікі" з'яўляецца верш "Ізноў пабачыў я сялібы...", лірычны герой якога вяртаецца ў тыя мясціны, дзе прайшлі яго маладыя гады, дзе пазнаў ён першае каханне. "Там сцены мохам параслі", у садзе ўсё зарасло травою. І толькі адзіны надпіс "Вераніка", выразаны калісьці на ліпе, напамінаў аб былым шчасці:
Чым болі сходзіць дзён, начэй,
Тым імя мілае вышэй.
Імя Вераніка (асабліва пасля ўвасаблення верша ў музыцы I. Лучанком і ў вакале "Песнярамі") стала ў беларускай літаратуры сімвалам чысціні і высокасці кахання. У нізцы вершаў "Каханне і смерць" пераважаюць сумныя, трагічныя ноты пра няшчаснае, згубленае каханне. Яны навеяны хутчэй за ўсё асабістай драмай сям'і Багдановічаў (спачатку смерцю маці, а затым другой бацькавай жонкі, жыццём заплаціўшай за нараджэнне сына). Радасць кахання і пакуты ў вершах гэтага цыкла пастаўлены побач. Аднак каханне — высакароднейшае і наймацнейшае пачуццё — здольна перамагчы нават жах смерці. Вершы М. Багдановіча пра каханне сцвярджаюць ідэю бессмяротнасці, вечнасці гэтага высокага чалавечага пачуцця, яго вялікую жыццёвую і стваральную сілу. Яны спрыяюць раскрыццю лепшых якасцей чалавека, праяўленню гуманнасці, высакароднасці, садзейнічаюць выхаванню пачуцця павагі да жанчыны, яе хараства, прывабнасці, душэўнай чысціні.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь. Мы рекомендуем Вам
зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.