Па старонках твора Кузьмы Чорнага.
Кузьма Чорны, прадаўжаючы і развіваючы гуманістычныя традыцыі Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, аказаў значны ўплыў на развіццё беларускай аналітычнай прозы і яе эпічных жанраў. Ён з'яўляецца адным з пачынальнікаў псіхалагічнай прозы. Пісьменнік адводзіў літаратуры важную ролю ў нацыянальным адраджэнні, лічыў яе "наймагутнейшай з'явай жыцця краіны, адным са сродкаў творчасці гэтага жыцця". Пачынаў пісьменнік свой творчы шлях на пачатку 20-х гадоў з лірычных і надзвычай эмацыянальных апавяданняў, якія па форме нагадвалі навелы ці імпрэсіі. Напісаныя на матэрыялах з жыцця вёскі і горада, яны паказвалі духоўнае абуджэнне народа. У пачатку 30-х гадоў К. Чорны прыходзіць да гістарычна-канкрэтнага разумення новай рэчаіснасці. Яго ўвагу прыцягвае жыццё народа на вялікім адрэзку часу. У рамане "Бацькаўшчына" пісьменнік імкнуўся асэнсаваць і абагульніць змены ў жыцці грамадства, выкліканыя Кастрычніцкай рэвалюцыяй. Падзеі, апісаныя ў творы, ахопліваюць некалькі дзесяткаў гадоў. Галоўным героем рамана з'яўляецца селянін Леапольд Гушка — чалавек без зямлі і бацькаўшчыны. Адвечная беднасць і нястача не заглушылі ў ім пачуцця чалавечай годнасці. Чалавек сумленны і цярплівы, надзелены незвычайнай сілай волі, ён не палохаецца жыццёвых цяжкасцей, "стаіць на нагах моцна". Герой твора марыць аб набыцці кавалка ўласнай зямлі, на якой ён быў бы гаспадаром. Леапольд, як і Міхал з "Новай зямлі", верыць, што на сваёй зямлі ён стане незалежным і шчаслівым, зажыве па-людску. Рэвалюцыя быццам бы здзейсніла мару Гушкі. Ён атрымаў некалькі дзесяцін камяністай няўдобіцы, на якой працаваў як закляты. Але змяніўся час. І герой твора становіцца змагаром за новы лад, новую бацькаўшчыну. Ён аддае ў камуну набыты з неймавернай цяжкасцю надзел зямлі і гэтым самым нібыта вызваляецца ад пакутаў уласніцтва. Логіка развіцця характару Леапольда відавочна парушаецца. І з сённяшняга пункту гледжання такія паводзіны героя рамана здзіўляюць, не паддаюцца лагічнаму аналізу і растлумачванню. Гэтым учынкам герой твора як бы перакрэслівае сваю ранейшую жыццёвую праграму. На апошніх старонках твора, даволі публіцыстычных і схёматычных, мы бачым Леапольда старшынёй пагранічнага калгаса, кіраўніком пасяджэння раённага з'езда саветаў. Тут адчуваецца ўступка аўтара ідэям таго часу, калі неабходна было паказаць, як ва ўмовах савецкай рэчаіснасці былы батрак ператвараецца ў дзяржаўнага дзеяча, як селянін развітваецца са сляпой наіўнай верай ў сваё вызваленне шляхам набыцця ўласнай зямлі. Тэма фарміравання новага чалавека, які быццам бы ва ўмовах савецкай рэчаіснасці вызваляецца ад уласніцкай псіхалогіі, становіцца асноўнай і ў рамане К. Чорнага "Трэцяе пакаленне". На працягу 30-х гг. К. Чорны напісаў нямала твораў, у якіх, нягледзячы на кампраміс з часам, здолеў паказаць важныя праблемы новага часу. У аповесці "Люба Лук'янская" пісьменнік імкнуўся раскрыць працэс фарміравання моцнага характару жанчыны, паказаць, як узнімаўся прыгнечаны, зняважаны і абяздолены чалавек з "дна" на высокія жыццёвыя вяршыні. Любе Лук'янскай, Валі Іваноўскай, братам Рыльскім у творы проціпастаўлены Сашка Стафанковіч і яго бацька, у вобразах якіх К. Чорны выкрыў дробнаўласніцкі ідэал жыцця чалавека, яго прыстасавальніцтва, чэрствасць, бяздушнасць і нікчэмнасць. У творах К. Чорнага ваенных гадоў створана шырокая панарама барацьбы беларускага народа супраць захопнікаў. Раман "Пошукі будучыні" ствараўся па гарачых слядах падзей і адлюстроўваў напружаны роздум пісьменніка аб лёсе народа ў складаны для яго час. Героі рамана больш-менш нагадваюць ужо знаёмых герояў папярэдніх твораў. Тое, што адбывалася ў мястэчку Сумлічы і яго ваколіцах, — гэта толькі невялікі эпізод барацьбы беларускага народа супраць захопнікаў. Аўтар прасочвае лёс герояў твора на працягу многіх гадоў імперыялістычнай, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. Таму ў рамане нямала экскурсаў у мінулае. На першых старонках рамана мы сустракаемся з галоўнымі гёроямі твора — чатырнаццацігадовай Волечкай і шаснаццацігадовым Кастусём , якіх лёс звёў у адной хаце. Кастусь прывёз у вёску хворага нямецкага салдата Густава Шрэдэра, які ў знак падзякі за дапамогу пакінуў выратавальнікам залатыя рэчы, выкрадзеныя ў непрытомнага графа Паліводскага. Пазней мы ўбачым Вольгу і Кастуся сталымі, любячымі адзін аднаго мужам і жонкай, якія выхоўваюць дачку Лізу. Значную ролю ў рамане адыгрывае вобраз простага селяніна-працаўніка Нявады, якому ў першую сусветную вайну бало суджана зведаць пакуты акопнага жыцця і нямецкага палону. Пасля многіх гадоў блуканняў і пакут ён вярнуўся ў родную вёску, сустрэўся з дачкой і дачакаўся ўнучкі. У дзецях Нявада бачыў будучае, прадаўжэнне сябе. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён аддае ўсе сілы для выратавання ўнучкі з канцэнтрацыйнага лагера і, не здейсніўшы гэтага, гіне. Унучку вызвалілі з палону партызаны на чале з Кастусём. У творы яскрава выпісаны фашысцкія вылюдкі і іх паслугачы (стары і малодшы Шрэдэры, граф Паліводскі, Акаловіч). Салдат кайзераўскай арміі стары Густаў Шрэдэр спрабаваў знайсці будучыню сярод забітых на полі бою салдат, у якіх ён забіраў залатыя рэчы і грошы. Густаў марыў пабудаваць для свайго сына маёнтак, але трапіў у палон і павёз назад у Германію толькі злосць на сябе. Калі началася Вялікая Айчынная вайна, стары Шрэдэр зноў з'явіўся ў гэтых мясцінах, дзе яго сын, вырасшы пры фашызме, узначальваў акупацыйную ўладу, быў камендантам канцэнтрацыйнага лагера, забойцам. К, Чорны ў творы сцвярджае, што будучыні ў забойцаў не можа быць. І Шрэдэры, і Акаловіч гінуць ад партызанскіх куль. На лёсе людзей невялічкага мястэчка К. Чорны паказаў барацьбу ідэй, поглядаў на свет у складаны для Беларусі час. Пісьменнік у творы ўпэўнівае, што вораг бўдзе выгнаны з беларускай зямлі, што беларускі народ не загіне ад чорнай фашысцкай навалы.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь. Мы рекомендуем Вам
зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.