Прарок.
ХХ стагоддзе было для беларусаў парой духоўнага жнiва, у той час як для Расii — часам багатых дажынак. Руская класiчная лiтаратура складвалася ад Аляксандра Пушкiна да Аляксандра Блока. На Беларусi яе папярэднiкам быў Ф.Багушэвiч, а першым класiкам — Янка Купала, малодшы сучаснiк Блока. Але гэтай храналогiяй яшчэ не ўсё сказана. Янка Купала не толькi лiтаратар. ‚н — адзiн з творцаў беларускай нацыi, бо ў iм з найбольшай паўнатой выявiўся беларускi культурны тып, нацыянальная iдэя-мара, урэшце, беларуская ментальнасць. Пра сябе паэт дакладна сказаў у санеце "Бацькаўшчына", апублiкаваным у штотыднёвiку "Наша нiва" (1915, 24 красавiка). Прывяду толькi першы катрэн i другi тэрцэт гэтай паэтычна-фiласофскай споведзi:
З зямлёй i небам звязывае мяне нiць —
Неразарваная векавечна павуцiна:
Зямля мяне галубiць, як вернага сына,
А сонца мне душу не кiдае тулiць.
I калi здзекваецца нада мной хтосьцi —
Над Бацькаўшчынай здзекваецца ён маёй.
Пра беларускую класiчную лiтаратуру i яе пачынальнiка Янку Купалу за стагоддзе склалася шмат мiфаў. Толькi не тых прарочых мiфаў, якiя твораць паэты, мастакi, а банальных, ад некампетэнтнасцi альбо тэндэнцыйнасцi.
Мiф першы: быццам бы Купала выйшаў з асяроддзя беззямельнага сялянства. Тут "забывалi" шляхецкае паходжанне роду Луцэвiчаў, праўда, не прызнанага ўладай па прычынах палiтычных i тэхнiчных. Бо царызм не хацеў мець шматлiкае апазiцыйнае дваранства ў так званым Паўночна-Заходнiм краi. А ў Купалавага дзеда не хапала дакументаў, каб даказаць сваё старадаўняе шляхецтва.
Мiф пра "беднага селянiна" Купалу (тут змешвалi паэта з яго лiрычным героем) неяк "сам сабою" экстрапалiраваўся на ўсю беларускую класiчную лiтаратуру. Мiж тым усе яе пачынальнiкi i першыя класiкi — ад Яна Чачота, Яна Баршчэўскага, Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча да Францiшка Багушэвiча, Янкi Купалы, Цёткi (Алаiза Пашкевiч) — былi выхадцы з каталiцкай шляхты, рэдка — з каталiцкага сялянства, як гэта здарылася з 16-гадовым Паўлюком Багрымам (песнi яго задушалi пасля першай мелодыi "Зайграй, зайграй, хлопча малы...", 1828 г.).
Чаму сталася так, што беларуская культура, якая да ХVI стагоддзя развiвалася пераважна iнтэлектуаламi праваслаўнай арыентацыi, у эпоху свайго нацыянальнага адраджэння аказалася справай адукаванай каталiцкай шляхты? Што датычыцца класавага аспекта гэтай культурнай дамiнацыi (маю на ўвазе лiдэрства шляхты ў культурна-адраджэнцкiм руху ХIХ— пачатку ХХ стагоддзя), то Беларусь не была выключэннем сярод краiн Цэнтральна-Усходняй Еўропы: у Расii i Польшчы элiтарная культура тады была таксама дваранскай. Пры ўсёй беднаце беларускай шляхты ў яе ўсё ж быў нейкi мiнiмум матэрыяльных рэсурсаў, каб далучыцца да асветы i культуры. Беларускае сялянства (а яно ў сярэдзiне ХIХ ст. складала каля 85 працэнтаў насельнiцтва краiны) захавала родную мову, развiло яе да той дасканаласцi, якой захапляўся Адам Мiцкевiч. Але адукацыя на вёсцы была мiзэрная, абмяжоўвалася пачатковай расiйскай школай. Там беларуская мова не дапускалася. Даць жа сваiм дзецям сярэднюю, тым больш вышэйшую адукацыю сяляне не маглi.
Нашанiўская публiцыстыка (1906—1915 гг.), пазней савецкая i сучасная навука моцна перабольшвалi паланiзацыю беларускай шляхты. Паводле ўсерасiйскага перапiсу насельнiцтва 1897 года, каля 40 працэнтаў спадчыннай шляхты Беларусi назвала сваёй роднай мовай мову беларускую. Пачынальнiкi новабеларускай лiтаратуры — Ян Чачот, Ян Баршчэўскi, Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч, Францiшак Багушэвiч, а ў пачатку ХХ стагоддзя Янка Купала, Цётка, браты Iван i Антон Луцкевiчы i iнш. — добра ведалi родную мову, хоць не вывучалi яе ў польскай i рускай школах, не кажучы ўжо пра iмператарскiя унiверсiтэты. Добра ведаў яе i класiк польскай лiтаратуры, беларус з Навагрудчыны Адам Мiцкевiч, бо сам сведчыў пра гэта ў парыжскiх лекцыях па гiсторыi славянскай лiтаратуры.
Урэшце, паварот беларускай (альбо лiтоўскай, як тады казалi) шляхты да беларускага нацыянальнага адраджэння быў абумоўлены негатыўнымi для былой Рэчы Паспалiтай гiстарычнымi падзеямi. Распад гэтай некалi магутнай i па-шляхецку дэмакратычнай дзяржавы ў вынiку трохразовага падзелу памiж Аўстра-Венгрыяй, Прусiяй i Расiяй (1772, 1793, 1795 гг.) i пасля паражэння трох паўстанняў, арганiзаваных прыхiльнiкамi яе адраджэння (1794, 1831, 1863—1864 гг.), прымусiлi польскую, беларускую i лiтоўскую шляхту адмовiцца ад рамантычнага iдэалу — рэанiмацыi гiстарычна пражытай формы шматэтнiчнай канфедэратыўнай дзяржавы. З другой паловы ХIХ стагоддзя набiрала моцы перспектыўная нацыянальная iдэя, нацэленая на ўладкаванне польскай, беларускай, лiтоўскай, украiнскай нацыянальных дзяржаў.
Небагатая, паводле дваранскай меркi, шляхта настолькi наблiзiлася да сялянства, што стала духоўным лiдэрам нацыянальнага адраджэння. Барацьба за польскую, беларускую, лiтоўскую, украiнскую нацыянальныя iдэi i развiццё нацыянальнай культуры набылi значэнне кампенсацыi за страчаную шляхтай радзiму i за паразы ў паўстаннях. Пасля драматычных паўстанцкiх падзей i ўзмацнення рэпрэсiй супраць каталiцкага духавенства касцёл i былое унiяцтва апынулiся ў стане канфрантацыi з царызмам. Праваслаўе ж, як канфесiя дзяржаўная, не магло тады падтрымаць беларускi нацыянальны рух, якi з пункту погляду самадзяржаўя разглядаўся як апазiцыйная "польская iнтрыга".
Вось з гэтай рэшткi беларускай шляхты прыйшоў у родную лiтаратуру Iван Дамiнiкавiч Луцэвiч. ‚н нарадзiўся купальскай ноччу (7 лiпеня па новаму стылю) 1882 года, ахрышчаны ў Радашковiцкiм касцёле i запiсаны там дваранiнам. Пазней ягоны сiмвалiчны лiтаратурны псеўданiм Янка Купала засланiў шляхецкае родавае iмя Луцэвiч. Тое ж самае адбылося з яго равеснiкам, другiм беларускiм генiем са слаўнага роду Мiцкевiчаў: Канстанцiн Мiцкевiч у лiтаратуры i грамадскай свядомасцi стаў па-беларуску сцiплым дзядзькам Якубам Коласам.
Я.Купала патураў гэтаму мiфу пра беззямельнага сялянскага сына ў Савецкай Беларусi: там, як вядома, спачатку лiквiдавалi шляхту, а пазней i багацейшае сялянства. Быць шляхецкiм паэтам пад бальшавiцкай дыктатурай было не толькi нонсенсам, але небяспечным прэцэдэнтам. Пры жыццi Купала так i не апублiкаваў вершы на "шляхецкай" польскай мове. А ён жа з iх пачынаў сваю лiтаратурную вучобу. Упершыню яны апублiкаваны ў "Дадатку" да першага тома Збору твораў паэта (1972 г.)
Але пяройдзем да разгляду iншых мiфаў, што вынiкалi з першага — пра "беднага сялянскага паэта". Неяк "само сабой" разумелася, што такi паэт пiша папросту, нават "прымiтыўна" (ад лацiнскага primitivus — першы, раннi, неразвiты, просты), спявае сумныя мелодыi, плаксiва скардзiцца на цяжкую долю беларуса-мужыка. Тут, мабыць, таксама не абышлося без патурання самога паэта. Але цяпер гэта была ўжо вядомая рамантычная iронiя, якую сапраўдныя прасцякi ад навукi i крытыкi прынялi за чыстую манету. Сваю першую кнiжку "Жалейка" (Пецярбург, 1908 г.) Купала пачаў з дэкларацыi "Я не паэта":
Я не паэта, о крый мяне Божа!
Не рвуся я к славе гэткай нiмала,
Хоць песеньку-думку i высную можа,
Завуся я толькi — Янка Купала...
Далей паэт "прызнаецца" (зразумела, умоўна, мастацкi прыём), што "доляй убогi, ён цiхi, нясмелы; цiха йграе", а цiхага не пачуюць. Але калi ўжо "беларусы нiкога не маюць", няхай жа хоць будзе для iх Янка Купала. Тая ж самая самаiронiя ў вершы "Я мужык беларус, — //Пан сахi i касы, //Цёмны сам, белы вус, //Пядзi дзве валасы..."
Да мiфу аб прастаце беларускай лiтаратуры прыклаў руку таленавiты, але малаадукаваны Максiм Горкi. Пазнаёмiўшыся з праграмным нацыянальна-адраджэнцкiм вершам Купалы "А хто там iдзе?", ён пiсаў у лiсце да ўкраiнскага пiсьменнiка М.Кацюбiнскага (1910, 11 лiстапада): "У Беларусi ёсць два паэты: Якуб Колас i Янка Купала — вельмi цiкавыя хлопцы! Так прымiтыўна-проста пiшуць, так ласкава, сумна, шчыра. Нашым бы трошкi такiх якасцей!"
М.Горкi тады захапляўся паэтамi-самавукамi, рыхтаваў зборнiк iх твораў i, верагодна, залiчыў да iх пачынальнiкаў беларускай класiчнай лiтаратуры.
Узнiкла яшчэ адна легенда: быццам бы Янка Купала паэт- самавук, не далучаны да вышэйшай агульнай i лiтаратурнай адукацыi. Мiж тым ён закончыў, апрача народнага вучылiшча, чатырохгадовыя курсы А.С.Чарняева ў Пецярбургу (1909—1913), прыватны унiверсiтэт Шаняўскага ў Маскве (1916), дзе выкладалi гуманiтарныя навукi выдатныя рускiя вучоныя. Апрача таго, у Купалы былi асабiстыя настаўнiкi-сябры: прафесар Пецярбургскай каталiцкай акадэмii, духоўны настаўнiк беларускай адраджэнцкай iнтэлiгенцыi Бранiслаў Эпiмах-Шыпiла, а яшчэ крыху старэйшы за паэта мiнчук Уладзiмiр Самойла (1878—1941), малавядомы паэт (пiсаў па-руску), але выдатны крытык i даследчык рускай i заходнееўрапейскай лiтаратуры, якога высока цанiў сам Аляксандр Блок. Пазней у Заходняй Беларусi (1921—1939) Ул.Самойла — генератар iдэй беларускага нацыянальнага руху ў Польшчы, аўтар прарочага фiласофскага эсэ "Гэтым пераможаш! Нарысы крытычнага аптымiзму" (1924).
У Янкi Купалы ёсць простыя вершы, асаблiва ў першых зборнiках "Жалейка" (1908), "Гусляр" (1910). Але гэта парадаксальная складаная прастата, калi браць пад увагу не адзiн толькi фабульны пласт, але i ўнутраны, сiмвалiчны падтэкст, якi спасцiгаецца толькi ў агульным кантэксце гiстарычнай драмы беларускай нацыi. Простай на першы погляд здаецца штодзённая малiтва "Ойча наш". Мiж тым у ёй — мiстычная глыбiня, маленне аб духоўным пераўтварэннi космасу, Божым царстве на зямлi.
Беларуская класiчная паэзiя стваралася ў духоўным полi хрысцiянскай цывiлiзацыi, там караняцца яе сiмвалiчныя сэнсы i архетыпы. Паспрабуем жа выявiць некаторыя з iх, каб адкрылiся нам глыбiнныя сэнсы i сiмволiка творчасцi Купалы. Звернемся спачатку да "простых" на першы погляд вершаў, каб пасля прасачыць развiццё закладзеных у iх мастацкiх iдэй пазнейшых, складаных элiтарных твораў.
Ёсць тонкае падабенства памiж лiрычнай паэзiяй i структурай санетных форм у музыцы. Выдатныя паэты любяць тварыць цыкламi вершаў, дзе ёсць свае экспазiцыi, распрацоўкi тэмы, рэпрызы i адпаведныя перамены танальнасцi. Гутарка iдзе не толькi пра вар'iраванне асноўных тэм паэта, але i пра iх кантрасныя супастаўленнi, пераходы вобразных сэнсаў у сваю процiлегласць. На гэтую асаблiвасць класiчнай паэзii я ўжо звяртаў увагу ў манаграфii "Святло паэзii i ценi жыцця: Лiрыка Максiма Багдановiча" (Мн., 1991).
Цэнтральны вобраз ранняй, "жалейкавай" лiрыкi Купалы — гэта не натурныя замалёўкi эмпiрычных фактаў сялянскага жыцця, як думалi наiўныя публiцысты. У яго глыбiннай аснове — евангельскi архетып Лазара Беднага. Паводле евангелiста Лукi, прытчу пра багацце i беднасць распавядаў Хрыстос сваiм вучням. Вось яе сюжэт.
"Нейкi чалавек багаты быў, апранаўся ў парфiру i вiсон (дарагiя тканiны тыпу шоўку. — Ул.К.) i кожны дзень банкетаваў раскошна. Быў таксама нейкi жабрак, на iмя Лазар, якi ляжаў ля варот ягоных у струпах i хацеў накармiцца крошкамi, што падалi са стала багацея. I сабакi прыходзiлi i лiзалi струпы ягоныя. Памёр жабрак i ўзнесены быў анёламi на ўлонне Абрагамавае (на неба, у рай. — Ул.К.). Памёр i багаты, i пахавалi яго: i ў пекле, ужо ў пакутах, ён узвёў вочы свае, убачыў удалечынi Абрагама i Лазара на ўлоннi ягоным, i, загаласiўшы, сказаў: Ойча Абрагам! Умiлажалься сэрцам за мяне i пашлi Лазара, каб умачыў канец пальца свайго ў ваду i ахаладзiў язык мой, бо я пакутую ў полымi гэтым. Але Абрагам сказаў: дзiця, згадай, што ты атрымаў ужо добраснае тваё ў жыццi тваiм, а Лазар лiхое; i цяпер ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш. I звыш таго мiж намi i вамi вялiзная прорва, так што тыя, хто хоча перайсцi адсюль да вас, не могуць; гэтаксама i адтуль да нас не пераходзяць" (Лк. 16:19-31).
Вядома ж, архетып Лазара Беднага моцна змянiўся ў ранняй беларускай паэзii, страцiў канфесiянальныя прыкметы, дапасаваўся да канкрэтна гiстарычнага, нацыянальнага i сацыяльнага кантэксту, што не быў заўважаны даследчыкамi i крытыкамi, мала знаёмымi з бiблейскай i этнакультурнай традыцыямi. Зусiм верагодна, што ў паэзiю гэты архетып перайшоў з народнай прыцаркоўнай культуры. Лазаравы песнi там былi вельмi папулярныя ў ХIХ — пачатку ХХ стагоддзя. Песнi лiрнiкаў на матыў Лазара Беднага ўвайшлi ў сэрцы i душы сялянскiя ад дзiцячых гадоў i адгукнулiся адпаведнымi матывамi ў творах паэтаў-песняроў. Выдатны фалькларыст Еўдакiм Раманаў у прадмове да публiкацыi "Беларускага Лазара" (зборнiк духоўных песняў) адзначыў: "Лазар Бедны" шырока распаўсюджаны на Беларусi, яго спяваюць не толькi старцы ex officio (па прафесii. — Ул.К.), але i ўсе прыгнечаныя i зняважаныя. Здаецца, беларус не супраць таго, каб бачыць у бедным Лазары самога сябе".
На пачатку ХХ стагоддзя фалькларыст С.Малевiч у прадмове да зборнiка "Белорусский нищенский Лазарь" (1906) адзначаў: "Беларускi лiрнiк — гэта асобны клас прафесiянальных жабракоў — вандроўных спевакоў, якiя спяваюць пад акампанемент свае лiры звычайна духоўна-рэлiгiйныя вершы. Спевы лiрнiкаў прыносяць вясковаму люду вялiкую духоўную i эстэтычную асалоду. Само ж рамяство гэтых спевакоў лiчыцца пачэсным заняткам i заўсёды ўзнагароджваецца простымi слухачамi глыбокай павагай i шчодрымi падарункамi. Дзякуючы такiм абставiнам гэты занятак пусцiў глыбокiя каранi ў народзе, у вынiку чаго некаторыя беларускiя вёскi здаўна займаюцца спецыяльным вырабам жабрачых лiраў (напр. в.Талядовiчы Слуцкага павета), а iншыя (як мястэчка Ляхавiчы таго ж павета) славяцца яшчэ асаблiвымi лiрнiкамi, выдатнымi спевакамi-выканаўцамi гiстарычных i павучальна-бытавых песняў".
У паэзii Янкi Купалы вобраз Лазара Беднага трансфармаваўся ў рамантычных героях — Гусляры, Дудары, Лiрнiку, Прароку. Здаецца, паэт бачыў у iх свае alter ego, сваё другое Я. У заключным акце драматычнай паэмы "Сон на кургане" герой Сам (у гэтым iменi — знак таго, што паэт надзялiў яго ўласным пяснярскiм лёсам, аўтабiяграфiчнымi рысамi, зашыфраванымi сiмвалiчнымi i мiстычнымi сюжэтнымi матывамi) пад акампанемент лiры спявае прарочую песню. Песню аб будучым вызваленчым руху:
А калi ж к нам прыйдуць весцi,
Што пара ўсiм засесцi
На пачэсным на пасадзе
У роднай долi, у роднай радзе?
А калi ж мы загуляем,
За вялiкiм караваем,
Закалышамся каронай
Ля дубровы ля зялёнай?..
Адказ на гэтае пытанне — за будучыняй. А пакуль што — маўчанне:
Лiрнiк Лазар ходзiць, плача,
I нiхто яго не бача.
Не прыходзiць змiлаванне
З важнай весцю ў добрым стане.
Цiкава, што якраз Максiм Багдановiч, якога з часоў "Нашай нiвы" не без падстаў называлi паэтам чыстае красы, напiсаў цыкл вершаў "З песняў беларускага мужыка" (1909), дзе ёсць паэтычная iнтэрпрэтацыя прытчы пра Лазара Беднага. Бадай што прароцтва пра сацыяльную рэвалюцыю:
Я хлеба ў багатых прасiў i малiў, —
Яны ж мне каменнi давалi;
I тыя каменнi мiж iмi i мной
Сцяною вялiзнаю ўсталi.
Яна усё вышай i вышай расце
I шмат каго дужа лякае.
Што будзе, як дрогне, як рухне яна?
Каго пад сабой пахавае?
Купалаўскi зборнiк "Жалейка" змяшчае тры цыклы на гэтую тэму: "З песняў беларускага мужыка", "Я мужык беларус", "Шумныя бярозы", "Пашкадуй мужыка-бедака", "Гонiш мяне, панiчок", "Лапцi" i "Саха", "З песняў мужыцкiх", "На жалейцы" i iнш. У вершы з "Песняў аб сваёй старонцы" вобраз мужыцкага Лазара ў абагульненай форме перанесены на пакрыўджаную Богам i багатымi "суседзямi" Беларусь.
Аднак жа нават у ранняй паэзii Купалы вобразы беларуса i Беларусi неадназначныя: ягоныя "лазаравыя" песнi спакваля набывалi актыўна-валявы, нават багаборчы змест. Цiкавы ў гэтым плане верш "Шумныя бярозы". Пакладзены на музыку Уладзiмiрам Тэраўскiм (1915 г.), ён стаў папулярнай у народзе песняй. Зададзены ў зачыне мiнорны лад у фiнале нязмушана пераходзiць у бадзёры мажор i выклiк пануючаму ладу:
Ой, пайду я ў поле,
Як бы на вайну,
Шукаючы волю,
Шаблячкай махну!
Гэтыя кантрастныя матывы ўдала спалучаюцца ў праграмным вершы "А хто там iдзе?". Апублiкаваная ў "Жалейцы" i пакладзеная на музыку Людвiкам Рагоўскiм (1910 г.) гэтая песня харальнага жанру служыла гiмнам дэмакратычнай Беларусi да 1917 года, а ў Заходняй Беларусi — да другой сусветнай вайны. У харальным выкананнi песня ўваходзiла ў рэпертуар Першай беларускай трупы Iгната Буйнiцкага. У рэшце рэшт песня аказалася прароцтвам пра сацыяльнае i нацыянальнае адраджэнне Беларусi. Прыкметы папулярнага ў ранняй паэзii Купалы архетыпу Лазара Беднага захавалiся ў гэтай песнi толькi як мастацкi прыём антыфоннай кампазiцыi:
А што яны нясуць на худых плячах,
На руках у крывi, на нагах у лапцях?..
Адначасова з такiм прасвятленнем вобраза беларуса, што развiтаўся са сваiм традыцыйным, крыху тэатралiзаваным воблiкам жабрака, у паэзii Купалы адбывалася перамена танальнасцi ў выявах сiмвалiчных вобразаў роднай прыроды, яе ландшафтаў, агульнага воблiку краiны. Верагодна, чытачы заўважылi цiкавую прыкмету ранняй паэзii Купалы i наогул Купалавай, альбо "нашанiўскай" лiтаратуры: пад уплывам фальклорнай паэтыкi ў ёй замацавалiся вобразныя апазiцыi ранку i вечара, дня i ночы, вясны i восенi, лета i зiмы. Першыя звеннi гэтых кантрастных супастаўленняў сiмвалiзавалi адраджэнне i красаванне жыцця, надзею i веру, а другiя — роспач i ўмiранне, альбо, у менш драматычным сэнсе — часовы заняпад жыццёвых памкненняў. У творчасцi пачынальнiкаў нашай лiтаратуры такая мiфалагiчная сiмволiка — рэч зусiм натуральная, крок наперад у параўнаннi з папярэднiмi замалёўкамi з натуры. Вось фрагмент са зборнiка "Жалейка":
Не гудзi так, восень
Непагодай дзiкай;
Не крываўся, сэрца,
З нядолi вялiкай...
("З асеннiх напеваў").
А ў другiм зборнiку вершаў "Гусляр" (1910) паэт адкрывае нам эстэтыку ночы i зiмы:
I лягла цiшына
У бары за гарой,
Каб дравiнка адна
Хоць кiўнула сабой.
Снег пушысты залёг
На галiнах сасон,
I чарнобыль, i мох
Атулiў сабой ён...
Цыклiчна-паступальны рух паэзii Купалы ад шэра-цёмнай да ярка-сонечнай танальнасцi, ад духоўных "зiмы i ночы" да "дня i лета" завяршыўся ў выдатнай паэме "Яна i я" (1913). Няшмат ёсць аналагiчных твораў у сусветнай лiтаратуры, хiба што бiблейская "Песня песняў", "Турботы i днi" антычнага паэта Гесiёда, "Герман i Даратэя" Гётэ. Сёння нашае лiтаратуразнаўства ўжо вызвалiлася ад павярхоўнага ўспрымання гэтага твора як быццам бы толькi паэтычна-этнаграфiчных замалёвак традыцыйнага сялянскага побыту. Энцыклапедычны даведнiк "Янка Купала" адзначыў у паэме Купалы фiласофскую думку, рыцарскi культ кахання, iдылiю "мужыцкага" жыцця. Але важна не выпускаць з поля зроку эстэтычную i архетыпiчную аснову паэмы "Яна i я". Тут кожны абразок сялянскага ўладкаванага побыту — як жывапiсная карцiна з дакладнай кампазiцыяй, цыклы паэтычных нацюрмортаў i пейзажаў. А ў кантэксце унiверсальных бiблейскiх архетыпаў — гэта беларускi вобраз сялянскага раю на зямлi. У Бiблii ёсць два архетыпы раю: у кнiзе Быцця — гэта iдэальны аазiс у пустынi, Божы сад, дзе пасля светатварэння жылi нашыя прабацькi Адам i Ева. А Новы запавет заканчваецца апакалiпсiсам, там у фiнале, пасля разбурэння грэшнага свету малюецца новы Ерусалiм, iдэальны гарадскi Рай. Купала дакладна прадумаў гэтыя сусветныя архетыпы, калi ў раздзеле "Яблыкi цвiтуць" напiсаў:
Раем на зямлi выглядываў наш сад,
Я ў iм — Адам, Яна ў iм — Ева;
У раю гэтым вецер быў нам Бог i сват,
Вяцьвямi штоб давала дрэва...
Гэта — рай не толькi вонкавы, прыродны, але i Рай у душы закаханых героя i гераiнi. У паэме зняты не толькi грамадскiя, але i псiхалагiчна асабiстыя супярэчнасцi. Бо чалавек — зямны, рэальна носiць у душы i сэрцы свой Рай i сваё Пекла, нябесную Сiнюю Птушку i Падзямельнага Дракона. I толькi няспынная духоўная актыўнасць дае яму шанц замкнуць сваю ўласную апраметную на дваццаць замкоў, як таго змея, якога героi чарадзейных казак замыкаюць у цёмнай каморы i прывязваюць дваццаццю ланцугамi. Наш мудры паэт-рамантык i прарок прыадчынiў нам нябесныя вароты i паказаў, якiмi райскiмi маглi б стаць штодзённыя сялянскiя турботы, каб чалавецтва пайшло па шляху, пазначаным евангельскiм маральным iмператывам дасканалай любовi.
Заключная страфа паэта набыла сiмвалiчны сэнс. Яна асацыiруецца з Бацькаўшчынай, Я — з яе духоўна-актыўным, творча-пераўтваральным чыннiкам, змагаром за духоўнае пераўтварэнне Сусвету, за выхад яго ў Несмяротнасць:
Я песняй мiлую сваю праслаўлю
Памiж народамi сваiх, чужых зямель,
Каб не загiнула, як кветка, у бяспраўю, —
Жыла й тады, як ляжа ў вечную пасцель...
Тут якраз дарэчы перайсцi да аспрэчвання яшчэ аднаго iдэалагiчнага мiфа, паводле якога Янка Купала — ледзь не язычнiк, савецкi атэiст-бязбожнiк. Вульгарна-сацыялагiчная крытыка спачатку гнала паэта, а пасля, кiруючыся прагматычнымi мэтамi, захацела перайначыць яго творчасць на свой капыл. А для гэтага праводзiлася "абязбожванне" класiчнай лiтаратурнай спадчыны, яе дэхрысцiянiзацыя, папросту кажучы — фальсiфiкацыя. Жывых пiсьменнiкаў прымушалi iсцi на атэiстычную самацэнзуру, а за тых, хто адышоў да вечнасцi, рабiлi гэта iдэалагiчныя рэдактары.
Мiж тым экзiстэнцыяльна (у плане перажывання быцця) паэзiя Янкi Купалы хрысцiянская. Хрысцiянскi змест яго творчасцi — асобная даследчая праблема. Але дастаткова ўчытацца хоць бы ў раннi верш Купалы "Я бачыў...", каб пераканацца ў хрысцiянскiм гуманiзме Купалаўскай паэтычнай школы. Я бачыў, кажа паэт, як бура паламала бярозку, ястраб закляваў галубку, як утапiлася няшчасная дзяўчынка. I ў заключэнне:
Я бачыў усё гэта й душою цярпеў,
Застыў смех на губах i песнi не пеў,
Заплакаў, залiўся маркотна слязiнкай
Адзiн над бярозкай, галубкай, дзяўчынкай...
Даследчыкi яшчэ не звярнулi ўвагу на хрысцiянскiя матывы Лазара Беднага, Пекла i Раю ў класiчнай драме Купалы "Раскiданае гняздо" (1913). У экспазiцыi да першага акта ёсць намёк на гэтыя бiблейскiя вобразы: "Данiлка на зямлi скрыпку майструе. Старац сiвы, як голуб, абчэплены торбамi i з кiем у руках, сядзiць на лаве".
Старац i хлопчык-музыка — гэта здвоены вобраз беларускага лiрнiка i жабрака, выканальнiкаў "Лазаравых" песняў.
Урэшце, сюжэты драмы "Раскiданае гняздо" — гэта скрытая мастацкая iнтэрпрэтацыя бiблейскага падання аб выгнаннi з раю нашых прабацькоў Адама i Евы. Праўда, яно набыло тут выразную сацыяльную i нацыянальна-беларускую афарбоўку. А яшчэ ўдзельнiкi канфлiкту памянялiся месцамi: не выгнаная са свайго сцiплага гнязда сям'я Зяблiкаў cаграшыла, а зямныя ўладары, што парушылi Боскiя законы i маральныя iмператывы.
Янка Купала поруч з Якубам Коласам, Максiмам Багдановiчам, Максiмам Гарэцкiм у сусветнай культуры прэзентуе беларускi народ i яго нацыянальную лiтаратуру. Яму i яго паслядоўнiкам у ХХ стагоддзi выпаў трагiчны лёс — няведаныя ў гiсторыi па сваёй жорсткасцi рэпрэсii ў 1930-х гадах. Мiж тым сярод маладзейшых генерацый лiтаратараў, у тым лiку i за мяжой, узнiк яшчэ адзiн мiф: быццам бы Купала, iншыя пiсьменнiкi БССР дабравольна прыслугоўвалi дыктатуры. Навуковае даследаванне супярэчнасцяў развiцця беларускай савецкай лiтаратуры — гэта асобная тэарэтычная праблема. Але хапiла б прывесцi толькi адзiн трагiчны эпiзод з лiтаратурнага жыцця 1930 года, каб пераканацца ў хлуслiвасцi такiх агульных абвiнавачванняў.
Часопiс "Спадчына" ў 1990 годзе апублiкаваў сакрэтную запiску першага сакратара ЦК КП(б)Б Канстанцiна Гая ў Палiтбюро ЦК ВКП(б). У ёй адлюстравана пякельная работа бальшавiкоў па знiшчэнню i падаўленню беларускай нацыянальнай элiты, у першую чаргу — аўтарытэтных пiсьменнiкаў i вучоных. Прывяду гэты дакумент скарочана, у арыгiнальным тэксце.
"Минск, 21.ХI.1930 г. Считаю необходимым сообщить Вам, что вчера, 20 ноября, утром покушался на самоубийство Янка Купала — народный поэт Белоруссии... Янка Купала входил в руководящий центр "Саюза вызвалення Беларусi", как о том свидетельствуют показания Лёсика, Некрашевича и других. Янка Купала являлся идейным центром национально-демократической контрреволюции, что нашло отражение в его творчестве. Наряду с произведениями вполне советскими, у него имеются стихотворения и кулацкого, и прямо контрреволюционного содержания. Приглашенный для переговоров в ГПУ, Янка Купала упорно отрицал свою принадлежность к какой-либо контрреволюционной организации и не обнаружил ни малейшего желания пойти навстречу нам в смысле хотя бы осуждения контрреволюционной деятельности своих друзей — участников и руководителей СВБ... Все это рассматривается нами как протест против нашей политики борьбы с национал-демократизмом. Мы решили не требовать от Я.Купалы признания участия в Союзе вызволения Белоруссии и сосредоточить свои усилия на требовании выступить с открытым осуждением контрреволюционной деятельности группы белорусских интеллигентов, арестованных по делу СВБ" (Падкрэслена мною. — Ул.К.).
Такiм чынам, для "обработки" паэта "сосредоточила свои усилия" ўся бальшавiцкая наменклатура Мiнска, Масквы (дарэчы, у Маскве прымалася "окончательная редакция" гэтых паклёпнiцкiх абвiнавачванняў), увесь апарат ГПУ, была мабiлiзавана "общественность". Псiхалагiчны нацiск (апрача дзейснага фiзiчнага ўздзеяння) быў да банальнасцi просты, але i хiтры: прымусiць арыштаваных дзеячаў беларускай навукi i культуры (тых жа Лёсiка, Некрашэвiча ды iншых) пад жорсткiм катаваннем "прызнацца" i "накапаць" на Купалу, а пасля падсунуць сфабрыкаваныя фальшыўкi пякельна змучанаму паэту i пратрымаць яго ў ГПУ да той пары, пакуль ён не падпiша падрыхтаванай агентамi ГПУ паперы.
14 снежня 1930 года (праз сорак дзён пасля першага этапа "псiхалагiчнай" апрацоўкi паэта) газета "Звязда" надрукавала гэтую фальшыўку пад назваю "Адкрыты лiст Я.Купалы", напiсаны ў стылi стандартных даносаў паклёпнiцкай "крытыкi" Лукаша Бэндэ. Янку Купалу гэтыя сорак дзён каштавалi здароўя, урэшце самога жыцця...
Асобны артыкул варта было б прысвяцiць цяпер ужо мiжнароднаму фальшываму мiфу. На ўзроўнi банальнай "навукi" i грамадскай свядомасцi прынята лiчыць, быццам бы спрадвечна iснуюць сусветныя лiтаратуры, вядомыя ўсiм цывiлiзаваным народам, i лiтаратуры лакальныя, рэгiянальныя, якiя невядомыя сусветнай грамадскасцi. Мiж тым, гэтая фальшывая няроўнасць вынiкае не з характару i мастацкай якасцi лiтаратуры, а з мiжнароднага становiшча "малых" народаў, воляю гiстарычнага лёсу адсунутых з гiстарычнай авансцэны. Мы ўпэўнены: калi Беларусь зойме дастойнае месца ў Еўропе i свеце, калi наступiць царства культуры i духу на месцы цяперашнiх банкрутаў — царстваў iмперыяў i фiнансавых магнатаў, тады Янка Купала, iншыя класiкi нашай лiтаратуры стануць упоравень з Шэкспiрам, Пушкiным, Талстым, Мiцкевiчам...
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь. Мы рекомендуем Вам
зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.