Кароткі змест Вечар
Опубликовал: Admin
7-10-2020, 04:20
Просмотров: 1694
Комментарии: 0
Драма ў дзвюх дзеях

Дзейныя асобы

Мульцік — 80 гадоў.

Ганна — 76 гадоў.

Гастрыт — 78 гадоў.

Нашы дні. Усходняя Беларусь.

Кароткі змест:

Дзея першая

Вуліца сучаснай неперспектыўнай вёскі. Хата. Пад вокнамі лавачка. Злева, каля плота, стары рыпучы журавель. Толькі-толькі пачынаецца дзень. Павольна выходзіць Мульцік з вядром. Размаўляе з сонцам, запрашаючы яго зірнуць на зямлю. Потым вядро за вядром чэрпае з калодзежа ваду, гаворыць, звяртаючыся то да былых аднавяскоўцаў, то да сонца: «Думаеш, глупствам займаюся? Няма каму ваду з калодзежа браць... Раз'ехаліся ўсе... А калодзеж жывы павінен быць... 3 яго чэрпаць трэба, каб вада ў зямлю не пайшла, каб не застаялася... Во я і выбіраю штодня... За былых сваіх суседзяў, за дзяцей іх і за свайго сына...» Успамінае ўласнае жыццё: «...Тры вайны адпляскаў, шабляй махноўцы секлі, кулакі ў трыццаць другім цвікамі на кладзішчы да крыжа прымацавалі, на фінскай ногі адмарозіў, у партызанах немцы расстрэльвалі, потым ваяваў — два разы параніла, тры разы кантузіла... Двух дзетак за вайну пахаваў... і хату пярун паліў, і карова здыхала, і жонка памерла, і сын апошні гадоў пяць пісем не піша...»

Падыходзіць Ганна. Расказвае, што ў сне бачыла свайго старэйшага, Іваньку, які на вайне прапаў без весткі. Мульцік супакойвае суседку, што гэта добры сон. Старыя панеслі ваду кожны ў свой двор.

Да калодзежа з чайнікам ідзе Гастрыт. Кліча Васіля і пытаецца ў яго, калі той памрэ. Не верыць, што Мульцік не баіцца смерці. Як звычайна пры сустрэчах старыя пачынаюць спрачацца. Раптам Мульцік заўважае на дарозе ў вёску чалавека. Удваіх напружана ўглядаюцца, але чалавек паварочвае ў іншы бок.

Спрэчка працягваецца:

Гастрыт. Ведаеш, хто ты?

Мульцік. Ведаю, ведаю... Элемент.

Гастрыт. I не наш!

Мульцік. Шкада, што ты наш... Бяда народная...

Гастрыт. Я калі-небудзь на цябе ананімку напішу. Пабачыш.

Мікіта, забыўшыся на чайнік, злосны ідзе ў Займішча (суседняя вёска. — Т.Г.) снедаць.

З сумкай хлеба стомленая, але вясёлая прыходзіць Ганна. Прымушае Васіля танцаваць, бо яму пісьмо. Мульцік, танцуючы, сагнуўся, а разагнуцца не можа. Напалоханая Ганна кладзе яго на лаўку і аддае канверт. Прачытаўшы некалькі радкоў, Васіль сумна апусціў руку: гэта яго пісьмо вярнулася з Джэсказгана, не знайшоўшы там адрасата, сына.

Падыходзіць Гастрыт. Выказвае меркаванне, бачачы ў руках суседа пісьмо, што Васілёў сын «прапіўся да ніткі, во і бацьку ўспомніў, грошай просіць». Мульцік абяцае яму «гваздануць калі-небудзь». Гастрыт пераводзіць размову на сучасную моладзь, здзіўляецца, што яе, акрамя гарэлкі, нічога не цікавіць.

Мульцік ... А вы адбілі ахвоту ў людзей радасна працаваць на зямлі...

Гастрыт. Хто гэта мы?

Мульцік . Ты і такія ж асталопы, як ты... Ты ж некалі ўсіх добрых гаспадароў з вёскі павыгнаў... У Вежках ты I моладзь ад зямлі адбіў... Колькі гадоў сачыў за тым, каб, значыць, ніхто лішнюю бульбіну ці мех зерня ад зямлі не ўзяў...

Прыбягае расхрыстаная Ганна, крычыць, каб уключылі «радзіва». Голас дыктара чытае пісьмо ад Віктара, які просіць перадаць для любай маці песню. Жанчына плача ад радасці. Але «чэсны» Гастрыт заўважае ў пісьме недакладнасці. Адкрываецца, што заяўку на радыё зрабіў Мульцік. Ганна цяжка пайшла дахаты.

Мульцік выцягвае са штаноў дзягу, загадваючы Гастрыту здымаць штаны.

Мульцік. ...Радасць у чалавека была!!! Яна ж без яе ўсё жыццё свае!!! Трое дзетак у партызанах з голаду памерлі, старэйшы сын «без весці», Піліп вярнуўся кулямі ды асколкамі начынены, два месяцы пажыў... Віцька адзін застаўся, дык і ў яго жыццё наперакасяк пайшло... Адна ўсё жыццё... Гаротніца... Хоць ты яе ў царкве вешай як пакутніцу святую, а ты...

Гастрыт. А я не дазволю! Не дазволю ўсяму народу, усяму гасударству галаву дурыць!.. Па нашаму радыё толькі праўду перадаюць! I нечага...

Дрэмле стары журавель. Вечар. З'яўляецца Мульцік, потым Гастрыт. Смяецца з Васіля, што той хоча набыць у калгасе каня, нават узятку даваў. Мульцік тлумачыць, што не хоча ў дзяржавы на шыі сядзець. Пасля адыходу суседа гаворыць да сонца, якое заканчвае свой дзённы шлях, і ідзе дамоў.

Ганна, набраўшы вады, села і заплакала. Вяртаецца Гастрыт. Шукае свайго ката Піначэта, праз якога не спаў цэлую ноч. Потым прапаноўвае Ганне перабірацца да яго ў хату.

Ганна . Во спасібачкі! Во ўважыў! Гэта ты мяне заместа ката свайго рыжага да сябе завеш... Каб дыхала... Гастрыт. Дык і я ж табе дыхаць буду!

Ганна. А мышэй мне лавіць у тваёй хаце не трэба будзе?

Непрыкметна выходзіць са свайго двара Васіль, слухае далейшую размову. I калі Гастрыт загаварыў пра курорты, злосна нападае на Ганну: «Каго ты слухаеш, бахіла старая?! Курортніца!.. Варта нам толькі махнуць рукой на ўсё, пачаць пра курорты думаць — смерць усімі капцюрамі ўчэпіцца... Ганна, адумайся! Жыць надакучыла?» Мульцік прапаноўвае жанчыне перавесці казу ў яго хлеў, а самой пераходзіць у яго хату. Гастрыт злуецца. Жанчына спрабуе памірыць мужчын. Потым ідзе пытацца ў свайго мужа (гаварыць з партрэтам), вярнуўшыся, паведамляе, што Піліп дазволіў і яна пойдзе да Васіля.

Дзея другая

Хата Мульціка. Раніца. Ганна ладзіць снеданне, кліча з двара Мульціка. Седзячы побач за стадом, старая ціха смяецца, што добра ўсё-такі замужам. Ідзе прапаліць у сваёй хаце.

Урываецца з газетай у руках узбуджаны Гастрыт. Ён выйграў па латарэі «Жыгулі». Ставіць на стол бутэльку віна замачыць выйгрыш. Нечакана задумаўся і заявіў, што ніколі ў жыцці не меў поўнага шчасця, усё напалавіну, і з жонкай так атрымалася, і на вайне, і на працы. «...Нават пад старасць... Ганну во я ўгаварыў замуж выйсці... Згадзілася і... да цябе пайшла жыць! А цяпер во гэты білет... Нашто ён мне? Маладзейшаму б каму-небудзь...» Але калі Мульцік зрабіў выгляд, што праглынуў білет, Гастрыт кінуўся на яго з нажом. Выведзены з раўнавагі Гастрыт прызнаецца, што на Васілёвага брата данос у маладосці напісаў ён, бо дзяўчына, якая яму падабалася, дала згоду выйсці замуж за Андрэя.

Мульцік аддае Гастрыту скамечаны, але цэлы білет, і выпраўляе таго з хаты, сам хапаецца за сэрца.

Досвітак, На палку перад печкай ляжыць Мульцік з сашчэпленымі на грудзях рукамі — прымерваецца, як будзе ляжаць на покуце. Ганна, зайшоўшы ў хату, загаласіла, ёй здалося, што Васіль памёр. Мульцік адкрывае вочы і наказвае, каб каля яго, «калі што якое, ніхто не скавытаў. Ціха пражыў, — ціха і на Сонца пайду».

Ганна паведамляе, што Гастрыта завезлі на хуткай у бальніцу. Дакарае мужа, што той не хоча лячыцца ні ў бальніцы, ні дома. Потым шкадуе яго, бо змізарнеў, нічога не есць.

Васіль расказвае, як яго распялі на крыжы на могілках вясковыя багацеі Зяпа і Цяркоўскі. Ганна спрабуе зразумець, чаму такі «няўдачны» яе Віцёк. Гаворку перапыняе Гастрыт, які з'яўляецца на парозе ў белых ісподніках, загорнуты ў бальнічную коўдру. Просіць Ганну і Васіля не выганяць яго з хаты.

Доўгая зімовая ноч. Каля печы на палку галава да галавы ляжаць Мульцік і Гастрыт. Гастрыт просіць Мульціка гаварыць пра яго ўсё — «самае нядобрае, самае паганае», бо няма цішыні ў душы.

Гастрыт. Болей скажы... Пасудзі...

Мульцік. Я не суддзя, Мікіта... Ды ты і сам усё ведаеш...

Гастрыт (заплакаў). Госпадзі! Як жа гэта? Я ж чэсна працаваў, падтрымліваў, стараўся... Казалі ісці— ішоў, казалі рабіць— рабіў, гаварыць— гаварыў... Ой, Васіль! Свет, свет наўкол паганы...

Мульцік. Свет добры... Чысты... Гэта мы яшчэ дрэнныя... Нам саміх сябе перарабляць трэба, а мы, дурні, увесь свет перарабіць хочам, пад сябе падагнаць...

Уваходзіць Ганна і расказвае, што старшыня абяцаў даць Васілю каня бясплатна, як ветэрану. Мульцік, не слухаючы пратэстаў жонкі, з цяжкасцю ўстае, апранаецца і падаецца на двор.

Гастрыт просіць жанчыну схадзіць на могілкі і папрасіць ва ўсіх прабачэння за яго, бо сам зрабіць гэта не паспее. Становіцца на калені і моліцца: «Дзе ты, хто ты, ці ёсць ты — не ведаю... Калі ёсць, на зямлю гэту ты мяне ужо не пусціш... Я не слухаў яе... I не пачуў...» Потым заціхае на палку.

Васіль спакойна прымае вестку пра смерць Мікіты. Гаворыць Ганне, што трэба зняць з іх кніжкі сотні дзве на памінкі, адбіць Мікітавым дзецям тэлеграмы. Сам жа збіраецца ісці да старшыні за канем. Ганна нагадвае, што Мікіта прасіў за яго памаліцца.

Мульцік (ціха і ўрачыста). Аджыў сваё чалавек... Прыйшла яго ноч... Прыйшоў наш вечар... Дзякуй вам, бацька-маці, што вы нас нарадзілі і вырасцілі... I табе, Сонейка, дзякуй... Ні за адну, нават самую горкую, слязінку не наракаем на жыццё. Дзякуй за тое, што жылі, мучыліся, смяяліся, плакалі... Ідзе нехта! У вёску ідзе...

Старыя стаяць побач. Глядзяць, чакаюць.

Мастацкія асаблівасці

У п'есе А.Дударава «Вечар» (1983) уздымаюцца сур'ёзныя філасофскія, маральна -этычныя, сацыяльныя праблемы сучаснасці: дзеля чаго нараджаецца і жыве чалавек, што ў свеце дабро і зло, чаму апусцелі нашы вёскі, чаму дзеці забыліся на сваіх бацькоў і г. д.

У аўтарскай рэмарцы на пачатку п'есы падкрэсліваецца, што вёска Вежкі неперспектыўная, г. зн. тыповая для рэчаіснасці другой паловы XX стагоддзя. Жывуць у ёй двое мужчын, маладзейшаму з якіх семдзесят восем гадоў, і сямідзесяцішасцігадовая жанчына. А ў часы маладосці Васіля, Мікіты, Ганны Вежкі поўніліся галасамі, святкавалі Купалле, ладзілі вяселлі, нараджалі дзяцей... Пісьменнік называе прычыны, чаму так сталася з вёскай, куды падзеліся яе жыхары.

Адны з іх, аб'яўленыя кулакамі ці ворагамі народа, як Мульцікаў брат Андрэй, трапілі ў высылку ці лагер, другіх звялі са свету войны, трэція ацураліся той мясціны, дзе ўбачылі свет, праца на зямлі стала ім нецікавай і непатрэбнай. А.Дудараў у творы не проста тлумачыць, што адбылося, ён называе вінаватых. Будаўнікі светлай будучыні, якая абяцалася народу, таму ж селяніну, спачатку знішчылі самых працавітых і дбайных гаспадароў, потым па кроплі вытруцілі з чалавека любоў да зямлі і працы, павагу да хлеба.

Вобраз такога будаўніка выводзіць у п'есе «Вечар» А.Дудараў. «Ты ж некалі ўсіх добрых гаспадароў з вёскі павыгнаў... Тых, хто любіў зямлю... Любіў і слухаў... З усіх сіл адбіваў ахвоту ў людзей працаваць. Крычаў да хрыпаты, што пазорна мець скаціну ў хляве, хлеба, бульбы шмат збіраць з агарода... Вось калі гол як сакол— значыць, сазнацельны! Калі ў хляве пуста — маладзец! А калі ў цябе каля хаты заместа крапівы жыта калосіцца — буржуй! міраед! кулак!, — кідае Гастрыту горкую праўду Мульцік. — I тое, што мой Грышка, Ганнін Віцёк і твае дзеці па свеце бадзяюцца, шукаюць немаведама чаго — ты вінаваты! Яны ж на зямлі выраслі... Яны ж павінны былі заместа нас на яе прыйсці, каб хлебам людзей карміць... Не пайшлі... Таму што ведалі: такія гастрыты, як ты, не дадуць ім ні спакою, ні волі...»

Разам з тым аўтар паказвае не толькі віну Гастрыта, але і бяду яго. Гастрыт верыў у тое, што робіць дабро, што будуе шчаслівае жыццё, дапамагае чалавеку стаць лепшым, пазбавіцца ад перажыткаў. Развітваючыся з жыццём, Мікіта не адчувае ў душы спакою, які ёсць у Васіля і Ганны, бо яны не адарваліся ад зямлі, не здрадзілі першаасновам чалавечага існавання. Ён позна, калі ўжо нічога нельга ні паправіць, ні змяніць, спасцігнуў, як і дзеля чаго варта жыць на свеце. «...Калі б другое жыццё... У мяне б нічога не было... Толькі шмат дзяцей і хлеба... Я здуру людзей жыць вучыў, а мне б хлеб расціць, дзяцей гадаваць... Гэта святое... Гэта ўсё...» — апошнія словы, якія прамаўляе персанаж.

Чалавек прыходзіць у свет, каб рабіць дабро. Так жыве Мульцік, для якога святым у жыцці з'яўляюцца толькі «святло, цяпло, любоў і зямля». Па яго «тэорыі», а паразважаць, пафіласофстваваць гэты персанаж любіць, Бог людзям даў жыццё, каб яны сагрэлі сваімі душамі зямлю, неба, космас і адзін аднаго.

А. Дудараў не спрашчае сітуацыю. Рознымі шляхамі ішлі па жыцці Мульцік і Гастрыт, па-рознаму яны сустрэлі свой вечар — чалавечую старасць. Але ў адным аказаліся падобнымі, пра што жорстка нагадвае Мікіта: дзеці не едуць ні да дрэннага Гастрыта, ні да добрага Мульціка, ні да пакутніцы Ганны. Не толькі не едуць, але і не пішуць бацькам. Ганна з Васілём не ведаюць нават, дзе, у якім канцы вялікага Саюза знаходзяцца іх сыны.

Некалькі разоў у п'есе паўтараецца сцэна, калі персанажы заўважаюць кагосьці на дарозе да вёскі. Тады змаўкае самая зацятая спрэчка, перапыняецца шчырая задушэўная споведзь— старыя глядзяць на дарогу, чакаюць. Аднак на працягу дзеяння ў Вежках так ніхто і не з'яўляецца. Гэтае чаканне сімвалічнае, як і шмат што іншае ў творы, напрыклад, стары калодзежны журавель. На ім у якасці груза — «...I шчарбатая шасцяронка ад камбайна, і доўгая мядзяная гільза ад снарада, і кавалак гусеніцы ад трактара, і нават іржавая прабітая каска». Гэтыя дэталі і рэчы нагадваюць пра пэўныя падзеі ў жыцці народа.

Пакінутыя старыя чакаюць з'яўлення не толькі сваіх дзяцей. Яны чакаюць вяртання дзяцей вёскі, што забыліся на свой абавязак перад зямлёй, чакаюць людзей, якія зоймуць іх месца, працягнуць іх справу. Пры ўсім драматызме і няпростасці ўзноўленых жыццёвых сітуацый твор заканчваецца на аптымістычнай ноце. Мульцік заўважае некага на дарозе ў вёску, і гэты «нехта» не збочыў, ідзе ў Вежкі?
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь. Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Другие новости по теме:
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.