Кароткі змест Радавыя
Опубликовал: Admin
7-10-2020, 04:20
Просмотров: 1382
Комментарии: 0
Драматычная балада ў дзвюх дзеях

Дзейныя асобы:

Дугін.

Дзерваед.

Бушцец.

Салянік.

Адуванчык.

Мар'я.

Ліда.

Вера.

Жанчына.

Люська.

Лейтэнант.

Тэлефаніст.

Глуханямы.

Кароткі змест:

Сцяна невялікага касцёла, прабітая амаль на ўсю даўжыню. Гурбы рудога, бы ссохлая кроў, друзу. Ідзе бой. Крыкі, кулямётныя чэргі, выбухі. Усё раптоўна сціхае. Спявае-заліваецца салавей.

Здалёк павольна ідзе брудны, расхрыстаны Дзерваед. Увесь сівы, нават бровы сівыя. Змучаныя вочы ўвесь час глядзяць пад ногі, Размаўляе з прывідам жонкі, Жанчынай з дзіцем на руках. Праз пралом у сцяне ўваходзіць Бушцец, злуе на Дзерваеда, што той зноў у нешта ўглядаецца.

Салянік вядзе Адуванчыка з перабінтаванай галавой. У час бою стары немец ухапіў хлопца зубамі за вуха. Адуванчык цікавіцца, ці дадуць яму нашыўку за раненне. Расказвае Дзерваеду, што цыганка ў маленстве нагадала яму баяцца толькі вады, агонь і куля перад ім бяссільныя. Фашысты спалілі ўсю сям'ю, ён жа застаўся жыць, толькі каля скроні галава абгарэла. Ваяваў у партызанах — і тут, на фронце, ніводная куля не зачапіла.

Камандзір аддзялення старшына Дугін прыносіць біклагу, рэчмяшок з ежай. Паведамляе пра загінуўшых і параненых. Ушчувае Дзерваеда, што не адзеў каску. Пытаецца ў Бушцеца, ці быў ён у склепе, і загадвае паказаць нож.

Дугін. ...Ты мне блізкі чалавек... Брат. Але азвярэць, стаць такімі, як яны, я табе не дам! Чуеш? Яшчэ што-небудзь... я цябе без трыбунала... Сам...

Бушцец . ...Загад... Вярхоўны ў Маскве, а я тут... Бацька, маці, сястрычкі маленькія зямлю параць...Жонку ў канцлагеры спалілі... Мяне ад Люські з вясельнага стала ўзялі пасля першай чаркі... Ведаеш, што мне сніцца?! Ад самага Ржэва! Вяселле мае. Сядзім за сталом усе ў белым... А ў чарках кроў замест віна... І ўсе госці глядзяць на мяне! Я з Люськай павінен выпіць... Тады і ім не давядзецца...

Дзерваед разлівае гарэлку, салдаты памінаюць загінуўшых у апошнім баі таварышаў. Зноў чуваць пошчак салаўя. Бушцец нервова ўсхопліваецца і дае доўгую аўтаматную чаргу ў той бок, дзе спявае птушка. Дугін вырывае ў яго аўтамат.

Ціхая вясновая ноч. Дзерваед размаўляе з прывідам жонкі: «Не хадзі ты за мной, Мар'я. Не адводзь ад мяне бяду... Смерці не баюся... Жыць страшна...» Не спіцца і Дугіну. Дзерваед просіць старшыну закінуць слова перад ротным, каб перавялі куды далей ад перадавой Адуванчыка: «Ён і так нацярпеўся... Наскочыць, дурань, на кулю... А яму жыць трэба... Душа яшчэ расце...» Крадучыся, уваходзіць Бушцец, расказвае пра сустрэчу з маладой немкай: «Стаіць, паскуда,, голая, гладкая... і ўсміхаецца... Плюнуў — і ходу... Глядзець не магу на іх! Трасе! Вось калі мёртвы немец ляжыць — цалаваць гатовы!» Дугін загадвае Сяргею ісці спаць.

Дзерваед апавядае пра сямейную трагедыю: у яго на вачах спалілі жонку і маленькага сына. Ён не мог выйсці з жыта да іх, выдаў бы гэтым партызан, якія неслі важныя дакументы. Дзякуючы ім пасля ўратавалі цэлую брыгаду. Дугін можа прапанаваць салдату, перажываючы душой яго гора, толькі выпіць на ўспамін душы спаленых Мар'і і Васілька.

Санінструктар Ліда не прымае заляцанні Бушцеца. «Даруй, Сярожа... Холадна мне з табой і страшна», — гаворыць жанчына і просіць паклікаць Адуванчыка. Бушцец спрабуе пераканаць Ліду, што ёй патрэбны не Лёнька, а такі чалавек, як ён: «Вайна нас з табой ніколі не адпусціць... Кветачкі, месяц над рэчкай, салодкі салоўка — гэта прайшло міма...» Жанчына не згодна. Яна частуе Адуванчыка шакаладам, робіць яму перавязку, марыць пра жыццё, дзе будзе шмат цішыні, будзе булькатаць ціхая рэчка.

Падобныя да першых руіны. Зноў бой.

Пасля бою Бушцец загадвае Саляніку паказаць аўтамат. Адкрываецца, што за ўсю атаку Салянік ні разу не выстраліў. Бушцец хоча яго расстраляць, ставіць да сценкі. Дзерваед і Адуванчык спрабуюць спыніць самасуд. З'яўляецца Дугін. Салянік прызнаецца камандзіру, што ён хадзіў разам з усімі ў атаку, але ніколі не страляў, бо верыць у Бога: «Бог раз і назаўжды сказаў: не ўбій... Нікога! Нідзе! Ніколі! Нізашто!». Дугін спрабуе пераканаць Саляніка ўзяць зброю і ісці ў бой, бо бой працягваецца, аднак Салянік адмаўляецца. Старшына адпраўляе салдата да зампаліта. Разрываецца снарад — Салянік смяртэльна паранены. Ён просіць усіх дараваць яму, а няверуючага Дзерваеда адпусціць грахі.

Дзерваед. Што ты! Не веру я...

Салянік. У Бога можна не верыць, трэба жыць па ім...

Дзерваед. Ты не бойся, Мацвей, не бойся...

Салянік. Я не баюся... На ўсіх нас на зямлі адна душа... Тыя, хто мучае, забівае, — пройдуць па слядах пакутнікаў, па жыцці ахвяр сваіх... Пекла тут... На зямлі... I ачышчэнне чалавека... Госпадзі, што ты з намі робіш...

Каля канаючага Саляніка застаюцца Ліда і Адуванчык. Бушцец, Дзерваед, Дугін ідуць у атаку.

Дзея другая

Руіны рачнога вакзала. Далёка грыміць бой. Адуванчык есць шакалад і плача: у час пераправы ў яго на вачах утапілася Ліда. Успамінае, як расказаў ёй пра цыганку: «Пасмяялася, а потым рукой вось так правяла... Я, кажа, і ад вады на цябе закляцце зраблю... А, можа, яна гэтым закляццем усе свае сілы аддала? Каб я жыў? » Дзерваед вядзе Лёньку на кухню.

Да Дугіна, які есць кашу, падыходзіць Лейтэнант. Дапытваецца, з якой мэтай, калі дывізія стаяла на фарміраванні, ён паведаміў жонцы аб сваёй смерці. Лейтэнант не верыць у «новую любоў» Дугіна, падазрае яго ў здрадніцтве. З'яўляецца Вера, жонка старшыны, просіць Лейтэнанта пачакаць у машыне. Яна гаворыць, што не паверыла пісьму, бо «жанчыны... бяду прадчуваюць... Як звяры землетрасенне... Асабліва тыя, хто любіць». Вера просіць мужа растлумачыць, чаму ён, кахаючы яе, разрывае ўсе сувязі.

Прыбягае Бушцец з паведамленнем пра танкі. Дугін вядзе ўзвод у бой.

Зноў руіны нейкага будынка — новае прыстанішча салдат. Уваходзіць Дугін з новенькімі капітанскімі пагонамі, на грудзях Зорка Героя. Расказвае, як атрымаў узнагароду «і за Маскву, і за Сталінград, і за Курск, і за ўсю вайну». Адуванчыку Дугін загадвае збірацца ў штаб дывізіі. Лёнька не хоча пакідаць таварышаў, нават і медаль яго ўжо не вабіць. Дзерваед праводзіць хлопца да машыны і вяртаецца з дзвюма жанчынамі, з якіх адна цяжарная. Дугін ідзе прымаць папаўненне.

Старэйшая жанчына запрашае Дзерваеда прыехаць пасля вайны ў Антанёва і сватацца да яе дачкі. Маладая тлумачыць, што нікога ў Насты няма: вёску спалілі немцы, а дачку ў лагеры забралі ў чацвёрты барак, дзе на людзях вучыліся рабіць аперацыі. Сям'ю Люські, так завуць цяжарную жанчыну, расстралялі за дапамогу партызанам. Мужа забралі ў армію «з вяселля... з папяровай кветачкай на грудзях». Нічога пра яго яна не ведае. Зацяжарыла Люська ад немца «пад страхам і бяссільнымі слязамі». Што толькі ні рабіла, каб пазбавіцца дзіцяці. «А ён аднойчы сярод ночы пад сэрцам мяне пагладзіў... Як папрасіўся: не трэба, не вінаваты я, пусці мяне жыць... Я, я неяк супакоілася...», — спавядаецца Дзерваеду Люська.

Жанчыны развітваюцца. Бушцец, які чуў размову, стаіць нерухомы. Люська — яго жонка. Дзерваед просіць яго дагнаць жанчын: «...Не наша з табой гэта вайна, Сяргей... Не мы яе вынеслі, а яны ...Бабы нашы... На іх яна лягла... У іх слязах і ў іх крыві Гітлер пракляты захлынуўся... Не мы ім, а яны нам дараваць павінны... За жудасць, якую перажылі... За страх і слёзы нявінныя, за смерць і пакуты, якія мы на сябе ўзяць не змаглі...» Бушцец не можа зрушыць з месца.

Ізноў руіны нейкага будынка. Ноч. Вакол скрыні, якая стала сталом, сядзяць Дугін, Дзерваед, Бушцец. П'юць за Перамогу, бо «сёння ці заўтра капітуляцыю падпішуць». Сяргей не ведае, што будзе рабіць пасля вайны: «Куды дзявацца? Страляць умею... Біць пад левую лапатку — умею! Гранату з дваццаці метраў у вядро закінуць змагу... Усё жыццё буду ўспамінаць вайну...» Па тэлефону Дугіну загадваюць прачасаць будынак. Амерыканцы баяцца прыязджаць, бо днём тут пастрэльваў снайпер. Салдаты выконваюць загад.

З патаемнага ходу вылазіць худы, мурзаты падлетак з вар'яцкімі затраўленымі вачыма. Бачыць на скрыні хлеб, кінуўшы вінтоўку, бярэ хлеб у рукі. Вяртаецца Дугін. Загадвае хлапчуку павярнуцца, аднак той не чуе, ён глуханямы. Паварочваецца інстынктыўна, хапае вінтоўку і, калі Дугін неасцярожна робіць крок насустрач, страляе. У апошнія хвіліны жыцця Дугін просіць жонку пачуць яго, цяпер ён можа ўсё растлумачыць. Ні мужам, ні бацькам пасля ранення ён ужо не мог быць, таму і папрасіў напісаць тое пісьмо.

Дзерваед папругай выганяе са сховішча немчыка. Бушцец ускідвае аўтамат. Асечка. Дзерваед хоча вырваць з яго рук аўтамат, тузаюцца са зброяй. Аўтамат падае і сам сабой страляе. Бушцец здзіўлены, з незнаёмым прасветленым тварам спачатку ўстае, потым пачынае асядаць на зямлю. Памірае на руках у Дзерваеда.

I ў гэты момант успыхвае рознакаляровае зарыва, гучаць стрэлы з усіх відаў зброі. Немы нечалавеча-радасны крык-стогн : «ПО-БЕ-Е-Е-ДА-А-А!!!» А глуханямы немчык прагна есць чорны салдацкі хлеб. Не чуючы крыкаў, не бачачы пераможнага салюта, плача радавы Дзерваед, Салдат-Пераможца.

Мастацкія асаблівасці

П'есе «Радавыя» (1984) А.Дудараў даў нетрадыцыйнае жанравае вызначэнне — «драматычная балада», падкрэсліваючы тым самым вастрыню канфлікту, напал страсцей і пачуццяў. Пісьменнік сутыкае ў творы сілы дабра і зла, апошнія ўвасоблены ў абагульненым вобразе вайны. Сярод дзеючых асоб аўтар не вывеў ніводнага ворага. Нямецкі падлетак, які забівае Дугіна, таксама ахвяра фашызму, ахвяра вайны, — падманутае, зацкаванае, да таго ж фізічна скалечанае дзіця. Такім яго ўбачыў Дугін, таму нават не падумаў дастаць з кабуры пісталет, Таму не дае Бушцецу забіць падлетка Дзерваед.

Галоўныя персанажы п'есы — байцы, салдаты. Яны сумленна выконваюць свой абавязак перад Радзімай, з'яўляюцца непрыкметнымі, часта невядомымі, пра што сведчыць узнагарода Дугіна, героямі вайны. Аднак вызначэнне «героі» А.Дудараў нідзе не ўжывае, наадварот, усяляк зніжае, зазямляе гераічны пафас твора. Дугін, Дзерваед, Бушцец, Адуванчык, невядомыя нам, бо загінулі ў час бою, Варонін і Гальчанскі называюцца радавымі. А.Дударава цікавіць не героіка вайны, а тое, пра што наша багатая «ваенная» літаратура сказала пакуль найменш — цана Перамогі.

Вайна нясе смерць і разбурэнне. Гэта думка падкрэсліваецца ўсімі кампанентамі твора. Падзеі ў п'есе «Радавыя» адбываюцца сярод руін — руіны нейкага касцёла, рачнога вакзала, генеральскага дома, архітэктурнага помніка і проста руіны. Праца чалавечых рук і розуму ператворана ў друз, які нагадвае ссохлую кроў, Руіны і ў душах людзей, бо ад кожнага з іх вайна запатрабавала непамерных ахвяр. Нават апрануты з іголачкі, бо яшчэ не нюхаў пораху, малады Лейтэнант, які з'яўляецца ў другой дзеі, мае рахункі з вайной: у яго загінуў бацька. У Дзерваеда, Адуванчыка, Бушцеца загінулі ўсе. Пакутніцкую смерць сына і жонкі Дзерваед, сівеючы і трацячы прытомнасць, бачыў сам. Адуванчык гарэў разам з маці, сястрычкамі. Бушцецу, які пачуў пра смерць блізкіх, вайна нанесла яшчэ адну душэўную рану: яго Люська засталася жывой, але яна цяжарная ад немца. Дугін на сваім доўгім франтавым шляху сутыкнуўся з недаверам і несправядлівасцю — быў разжалаваны, зведаў штрафбат. А ў дадатак да гэтага вайна забрала ў яго паўнату кахання, радасць стаць бацькам. Свая трагедыя ў Насты, жанчыны, якая разам з Люськай была ў лагеры, у Ліды, Веры,

Трагізм вайны ў творы падсвечваецца вобразамі бязвінных ахвяр — дзяцей. Гэта і Дзерваедаў Васілёк, і безыменная нямецкая дзяўчынка, якой былы партызан аддаў хлеб, і будучы чалавечак, што зварухнуўся пад сэрцам Люські, і ненароджаныя дзеці Ліды і Веры. Жанчына-маці і дзіця выступаюць у А.Дударава ўвасабленнем Жыцця, Будучыні, за што змагаюцца з фашызмам салдаты.

Салянік — самы нетрадыцыйны і неадназначны вобраз у п'есе. Яго непрыняцце вайны ідзе ад хрысціянскай запаведзі «не ўбій!» Гэтай запаведзі Мацвей трымаецца да канца: ён разам з іншымі ходзіць у атаку, але не страляе. Пацыфізм Саляніка не аб'яўляецца аўтарам варожым, здрадніцкім, але ён развенчваецца. Патрэбныя аргументы і словы знаходзіць Дугін: «...Лёгка быць святому, Мацвей... калі ты адзін, у пустыні! У мяне, можа б, і хапіла сілы здохнуць з голаду, а чужога не ўзяць... А калі побач малое дзіця з голаду памірае? Тады што? Глядзець і думаць пра «не ўкрадзі»?!

Салянік. Папрасі!

Дзерваед. А не дадуць?

Салянік. Тады ўкрадзь.

Дугін. Ага!

Салянік. Але ніколі не думай, што зрабіў добра...

Дугін. А калі прыйдуць у мой дом і на вачах у мяне заб'юць майго бацьку, раскрыжуюць маці, згвалтуюць сястру... Што мне рабіць? Папрасіць? Адуванчык, што твая маці ў іх прасіла: «Паночкі, не страляйце дзетак больна»? I што?! Дык што ж мне, грэшнаму, Бог параіць, Мацвей?

Салянік маўчыць.

Правільна... Забі, але не думай, што гэта добра. Дык я і без Бога ведаю, што гэта дрэнна...»

Пацыфізм (адмаўленне ўсякай вайны. — Т.Г.) не тая ідэя, якую можна перакрэсліць і адкінуць, таму Салянік не бярэ свой аўтамат, каб з ім ісці ў бой. Аднак не заўсёды яна служыць Дабру і Справядлівасці — Мацвей адчувае віну перадДзерваедам, Адуванчыкам, Бушцецам, Дугіным. Паміраючы, ён просіць Ліду не маліцца, а заспяваць пра поле і дзявочыя косы.

Вайна не толькі забівае, яна калечыць чалавечыя душы, робіць іх жорсткімі і халоднымі. Пра душэўны холад гавораць у творы амаль усе персанажы, аднак гэтая праблема найперш звязана з вобразам Сяргея Бушцеца. Калі Адуванчыка чалавечны і спагадлівы, нягледзячы на ўсё перажытае, Дзерваед хоча неяк засцерагчы ад смерці, то пра Бушцеца ён аднойчы сказаў, што таму лепш загінуць. Вайна выпаліла ў душы маладога хлопца любоў, спачуванне, слёзы. Усё гэта Мульцік (з п'есы «Вечар») назваў самым лепшым, што змагло прыдумаць чалавецтва за сваю гісторыю.

У Бушцеца няма будучыні, гэта інтуітыўна адчувае Ліда, цягнучыся да Адуванчыка. Ён не ведае, што будзе рабіць у мірным ЖЫЦЦІ— страляць, біць пад левую лапатку, кідаць гранату там ужо не спатрэбіцца, а іншага ён рабіць нічога не ўмее. «...Усё жыццё буду ўспамінаць вайну... Толькі вайну ўспамінаць... Калі ж наступную чакаць? ..Калі новы Гітлер народзіцца?..» — такі настрой пануе ў маладога чалавека напярэдадні доўгачаканай Перамогі.

Вобраз Бушцеца, як і вобраз Саляніка, палемічна завостраны і новы для беларускай «ваеннай» літаратуры. А.Дудараў — прадстаўнік маладзейшага пісьменніцкага пакалення, якое імкнецца асэнсаваць падзеі апошняй для нашага народа вайны. I робіць гэта аўтар «Радавых» з пазіцый дня сённяшняга, больш гуманнага і аб'ектыўнага.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь. Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Другие новости по теме:
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.