Нам памятны дваццаты год
I Беларусь пад панскім гнётам;
Таптаў зямлю шляхецкі бот,
Палітую крывёй і потам.
Але народа вольны дух
Скарыць не здолеў вораг прагны:
Героя смерць раджала двух,
Пайшлі на бой лясы і багны.
Таго, хто гвалт і здзек тварыў,
Спаліў агонь народнай кары,
I ветру вольнага парыў
Развеяў над краінай хмары.
У рукі ўласныя свой лёс
Узяў народ вольналюбівы,
На вогнішчах палацы ўзнёс,
Ператварыў балоты ў нівы.
З вялікай брацкаю сям'ёй
Пад сцягам Леніна ён крочыў,
Ды раптам над яго зямлёй
Згусціўся змрок фашысцкай ночы.
Не знаюць літасці звяры,
Крывёю залілі абшары,
Гараць і крышацца муры,
Хаваюць пад сабой ахвяры.
Ідуць, закованыя ў сталь,
На нас драпежнікі і каты.
Народ, на бой рашучы ўстань!
Устань для помсты і расплаты!
Хай партызан былых сыны
Сваіх бацькоў прадоўжаць славу:
Няхай заплацяць груганы
Жыццём за чорную расправу!
За кулю — кулі, кроў — за кроў,—
Знішчай разюшаных звяроў!
1941