Па шумнай люднай вуліцы
Пясняр ідзе...
То к вуглу ён прытуліцца
I стане дзе,
То крокамі ўжо шпаркімі
Бяжыць-ляціць,
То сочыць ён за хмаркамі —
Ўгару глядзіць.
Нахіл імажыніста меў
Пясняр-мастак
I словамі квяцістымі
Складаў верш так:
«Кажух за кажухам па сіняй чарэні,
Як зайцы,
I залатым зубам дзень
Выскаляецца!!.»
Яшчэ хацеў так добра ён
Зрабіць зварот,
А нехта тут — аглобляю
Ў пяснярскі рот.
I зубы разбягаюцца,
Як дзікія,
I дзень не выскаляецца,
А хныкае.
Пясняр жа з кіем гоніцца
За музаю:
«Дальбог,— крычыць,— разбойніца,
Патузаю!
Не лезь ка мне, шалёная,
Сляпіцаю,
Бо завяду ўсё роўна я
Ў міліцыю!»
1923