На свой лёс марскія нетры
Глуха скардзяцца скале,
I гранітныя ў Ай-Петры
Леглі складкі на чале.
У салёнай белай пене
Шэпты галькі навакол,
Бы Манахава маленне
Ціха падае на дол.
Пад усплёскі хваль шумлівых
Адпачыць так люба мне
На грудзях каменных Дзівы
Альбо ў Кошкі на спіне.
Ці то, зняўшы апранаху,
Я ў паўдзённай спёкі час
Цела грэшнае Манаху
Выстаўляю напаказ.
У каменнай ён сутане
Тут вартуе цэлы дзень,
Быццам дыні на баштане,
Груды спелыя людзей.
У праменні пасваволіць
Люба ім без апранах:
Не бяда — грахі замоліць
Хмуры праведнік Манах.
1929