«Без струманту
і вошы не заб'еш» —
Вось лозунг баявы
за тэхніку
мінуўшчыны вашывай!
А гадавалі мы іх
на сабе ж,—
Здавалася,
не знішчыць
і машынай.
Шпацыравалі
вошы
па целе,
Сядзелі
чужаеды
на карку.
А мы іх кармілі,
крывавіліся,
пацелі
Ды ўрэшце паставілі
жыццё
на карту:
Такую лазню наладзілі
для чужаедаў,
Якой яшчэ свет
ніколі
не ведаў.
I пачаліся
трагедыі
ды істэрыі
У чужаедаў
Расійскай імперыі.
Маўчала тут спогадзь
Станка ды сахі.
Буржуя — пад ногаць,
I вош — у штыхі.
Ад Якуціі
аж да Мазыршчыны
Чужаедскія кодлы
панішчаны
З іх гнёздамі ўсімі
й рубцамі.
Дзе струмант ужыты,
а дзе без прыладдзя...
Знішчалі старое
мы
самі,
А будаваць жа новае
хто будзе?
Дзядзя?
Ну, дык дружней
напінай гужы!
Дзядзю ў прыпражку,
ды дзядзя чужы.
Пародзісты ён
і падкованы здорава,
Толькі дзядзя той
(не забудзьцеся)
з норавам:
Задам брыкаецца,
перадам б'ецца:
Хадзі асцярожна
і спераду
й ззаду.
З дзядзем
не так ужо лёгка
і спецца:
Рахмана глядзіць,
а рыхтуе нам
здраду.
«У іхні хамут,—
кажа,—
я не палезу».
Вось чаму нам
чырвонага спеца
Патрэба стварыць
да зарэзу.
А то бывае
вось так
(ды не рэдка):
Патрэбен, напрыклад,
чырвоны дырэктар,
А ёсць, напрыклад,
таварыш Захара.
Захара такі,
што і д'ябал
не пара:
Энергіі ў хлопца
хапіла б на трох,
Запалам да працы
гарыць нутро.
I нутро —
не падкапаешся —
рабочае;
Мазгамі
зноў жа
нядрэнна варочае:
Кандыдатура
зусім падышла б,
Ды вось наконт тэхнікі —
слаб.
Адвагаю бродзіць
кроў маладая,
Не страшны яму Гіндэнбургі
і Фошы,
Ды тэхнікай
толькі такою ўладае,
З якою
«не знішчыш і вошы».
Такую ў нас
і ўжыць цяпер недзе ж,
Да камунізма ж на ёй
тым больш
не даедзеш
Каб зноў не нашкодзіў
з прампартыі гад
I ўсялякія іншыя
гадзяняты і гады,
Каб нам
папацёмку не йсці,
наўгад,
У новы паход
мы рыхтуем брыгады.
За кадры
(за нашы),
за тэхніку ўдарна,
За новыя веды
старому на злом ісці,
Каб
ад аддзялькома
і да камандарма
У нашай
сацыялістычнай
прамысловасці
Быў маналітны,
моцны
камсклад,
Сацыялізму адданы
шчыра,
Цвёрды заўсёды,
як скала,
I падкаваны
«на ўсе чатыры».
1931