Нехта кажа, што я ў цэлым
Устарэў душой і целам:
Не прыстаў мне модны стыль,
I пара мяне ў утыль.
Хто ж дыктуе стыль той модны?
Ну вядома — «свет свабодны».
Хто не хіліцца да мод,
Той як быццам ідыёт.
Што ж рабіць мне — «ідыёту»?
Трэба брацца за работу,
Каб ніхто не мог пакпіць.
I работа ўжо кіпіць.
Каб трымаць на ўзроўні марку,
Грыву адпусціў на карку
Я з апошніх валасоў
На тарзанаўскі фасон.
Каб адсталым не памерці,
I ў мастацтве на тры чвэрці
Скінуў я стары свой груз,—
Памяняў на новы густ.
Што мне Моцарты і Глінкі!
Я не бачу ў іх жывінкі
I аддаў бы ўсіх зараз
За адзін сучасны джаз.
Як прыйшлося да гаворкі,
Дык і Горкі мне — не Горкі,
I праслаўлены Талстой
Леў зусім ужо не той.
Я засунуў іх пад лаўку
I чытаю толькі Кафку,
А часцей яшчэ Камю,
Што падобны на Кюзьмю.
Для хутчэйшага прагрэсу
Ўзяўся я за антып'есу
I рубаю з-за пляча
Твор для антыгледача.
1971