Чароўнаю ночкай вясны
Сатурн у Зямлю закахаўся
I ў тысячы вёрст таўшчыні
Ёй персцень прыслаць абяцаўся.
Але вось, як стаў ён здымаць,
Трах персцень на дзве палавіны.
Ну што ж тут каханцы паслаць?
Сатурн палавінку ёй кінуў...
Спраўляючы свой карагод,
Зямля вакол Сонца імчыцца
I жджэ, але толькі праз год
Яна прычакае гасцінца.
А Марс — за Зямлёю услед,
Вось-вось ёй наступіць на пяты:
Ці, можа, зайздросціць сусед,
Ці, можа, быць хоча за свата.
Юпітэр — старэйшы ў сям'і —
Пабег на барыш па гарэлку,
Венера — сястрыца Зямлі —
Нарэзала сала талерку.
Адзін падшывалец Уран
На гэта на ўсё са здзіўленнем
Глядзіць, бы ў аптэку баран,—
Не возьме ніяк разумення:
Ці, можа, у нашых планет
Пад старасць ужо не ўсе дома,
Ці, мо, звар'яцеў цэлы свет,
Ці толькі адны астраномы.
1923