Да 23 красавіка 1932 г.
На замораных гнядых,
Сам непадкаваны,
Едзе крытык малады
З пугай дратаванай.
Воз нялёгкі па гразі
Па калодкі грузне:
— Гэй, папутнік, не бузі!
Шавялі, саюзнік!
Вось дастану па вушах!
Гэй, шамкамі бразгай!
Выпаўзай на біты шлях
З каляіны гразкай!
Ходзіць пуга па хвасце:
— Не бал-лу-уй, папу-утнік!
На пятнаццатай вярсце
Не сцярпеў пакутнік:
— Крытык! Родненькі! Даруй
Мне з маёю музай!
Кіраваць-то ты кіруй,
Ды не вельмі тузай.
1932