Быў хлопчык як хлопчык —
Гуляў сабе, рос,
Не думаў да часу
Пра будучы лёс,
Меў шмат закадычных
Адданых сяброў,
Гусей з імі пасвіў
I нават кароў,
I розум ён чэрпаў
З адных з імі кніг,
Але Яўтушок быў
Спрытнейшы за іх:
Умеў нацянькі ён
Да мэты ісці —
Пачаў вызначацца,
Пачаў ён расці.
Начальнікам, хутка
Зрабіўся Яўтух,
I дружбы хлапечай
Агеньчык патух.
Сябры працавалі,
А ён усё рос,
I стаў задзірацца
Ўгару яго нос:
Ад велічы ўласнай
Праз год ці праз два
Аж стала кружыцца
Ў яго галава.
Не бачыў зямлі ён,
Не бачыў людзей,
Як быццам сурочыў
Яго ліхадзей.
I помы, і намы
Яму па чарзе
Дакладвалі, што там
Такое ўнізе.
На подпірках так ён
Хадзіў па зямлі,
На ёй жа ухабы
I ямы былі.
Аднойчы няўдалы
Някемлівы нам
Не ўспеў папярэдзіць
Ад здрадніцкіх ям,
I плюхнуўся ў яму
Знянацку Яўтух...
I гэта вялікі,
Вялікі быў плюх.
1963