Жыў на вёсцы кулачок,
А ў яго — каровы.
У саўгасе ж быў бычок —
Завадскі, здаровы!
Яшчэ ёсць у кулачка
Шмат чаго багата;
У яго была й дачка —
Гладкая, Агата.
Закахаўся у дачку
Кіраўнік саўгасу.
А чаго ж глядзець бычку?
Ён не траціў часу.
Покуль кляўся кіраўнік
У каханні шчырым,
Дык кароў кулацкіх бык
Пакахаў з чатыры.
Пахаджае па дварэ
Маладзец рагаты,
З кулака ён не бярэ
Аніякай платы.
Задаволена раве
Рызыкант-асілак,—
У рагатай галаве
Не шукаць памылак.
Хай працуе ён здароў,
Хоць у дзесяць столак,
Хай кахае больш кароў
Ды прыгожых цёлак.
Вось наконт кіраўніка
Погляд болей строгі:
Ён — ці сябар кулака,
Ці мо бык бязрогі,
Што кулацкі цягне воз
Дый не разумее.
Хай накруцяць яму хвост,
Хто круціць умее!
1929