ГОД СЦЯПАНА-ЛАЙДАКА
Опубликовал: Admin
7-10-2020, 04:26
Просмотров: 920
Комментарии: 0
Восень

Шэрым пузам душаць хмары
Поля нудныя абшары.
I, як мокрая варона,
Села вёска між загонаў;
Луг і лес сумуе голы,
А Сцяпан зусім вясёлы —
П'е без меры самагонку,
Б'е дзяцей, лупцуе жонку
I пудамі носіць жыта
К самагоншчыку Мікіту.
Кожны прысвятак ці свята
У Сцяпана поўна хата —
Сват і кум, і так знаёмы
Чуюць тут сябе, як дома,
А як пойдуць, Сцёпка п'яны
3 кулакамі прэ да Ганны.
Ганна, бедная, галосіць
Дый у бога смерці просіць,
Сваю долю праклінае,
Што такога мужа мае.
Зіма

Чуць не запар тыдзень цэлы
Неба землю пудрай белай,
Не сціхаючы, пудруе,
Вецер ў шчыліны свідруе,
Вокны ў хатах — як мядзведзі,
Прыціскаюць — дзецца недзе,—
Не шкадуючы, марозы...
Наш Сцяпан зусім цвярозы,
Цэлы дзень ляжыць на печы —
На халоднай грэе плечы.
3 рота пара ў хаце валіць:
Ганна ў печы мала паліць,
Бо мужык яе нядбалы
Прызапасіў дроўцаў мала.
Ў лахманы залезлі дзеці,
Снег ляжыць, бялее ў клеці —
Намяло праз дзіркі гуры,
А ў хляве стаіць панура,
Грызе яслі кабылёшка:
Сена ўжо зусім нямножка,
А аўса даўно не стала —
Самагонка ўсё пажрала.
Вясна

Ўжо вясна-красна настала,
Белы снег з палёў сагнала,
Цяпер сонейкам іх сушыць,
Лезе ў вочы, лезе ў вушы,
Аздабляць прабуе рэдкай
Чорны лес зялёнай сеткай,
К нам чароды птушак гоніць.
Птушкі весела гамоняць,
Як яны, шчабечуць людзі,
Рады, дышуць ва ўсе грудзі,
Адчыняюць клеці, гумны.
А Сцяпану нешта сумна —
Не пазнаць цяпер Сцяпана,
Аж хістаецца, як п'яны:
Толькі скура стаў ды косці —
Згаладаўся, але штосьці
Не завуць Сцяпана ў госці
Яго тыя ягамосці,
Што ў яго пілі ды елі,
Цэлу ноч часом сядзелі.
Ды Сцяпанава і Ганна
Нешта ходзіць так, як п'яна,
Дзеці ж выйшлі на паветра,
Дык валяюцца ад ветру —
Ап'янелі, знаць, бясконца
Яны, гледзячы па сонца,
На сінюсенькае неба
(Ап'янееш, брат, без хлеба!).
А з сахою, небарака,
Ходзіць п'яная каняка
Сюды-туды па загону —
П'яны ўсе без самагону.
Лета

Ўжо вясну змяніла лета.
Як практычная кабета,
Яно смела неўзабаве
Цвет садоў — вясны забаву,—
Не шкадуючы сарвала,
Груш ды яблык начапляла,
Ў стагі сена шмат скаціла,
Жыта ўсё пазалаціла.
Людзі сена сушаць, косяць
Ды пагоды ў неба просяць;
Аддыхнуць пара б, дык дзе там!
Хто з сялян гультуе летам?
Ўсе працуюць так, як пчолы;
I Сцяпан наш зноў вясёлы —
Ўсіх уперад на загоне —
Жыта зжаў ужо аж гоні
(Хоць яно і з зелянкамі),
Ушпыляў загон снапкамі.
Дзеці ў лялькі тут гуляюць
Ды не дрэнна й выглядаюць
(Падрасла ўжо, бач, бульбінка).
Хвост задраўшы, кабылінка
Вунь па выгане гуляе —
Стала летам, як не тая;
Весялей глядзіць і Ганна —
Не кляне свайго Сцяпана.
Жыта новага к нядзелі
Пэўна ўжо Сцяпан намеле,
Новы хлеб рашчыніць жонка,
Зараз будзе й самагонка.
Зноў гасцей к яму збярэцца,
Зноў Сцяпан, лайдак, нап'ецца,
Ганну перад сваякамі
Пачастуе кулакамі,
На ўсю хату загамоніць
Ды ў куток дзяцей загоніць.
Піць так будзе, покі хваціць,
I падатку не заплаціць.

1923
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь. Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Другие новости по теме:
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.