Вось нікому ні такому,
Як нашай Ганульцы,—
Нават скора будзе сорам
Ёй прайсці па вуліцы:
Мужык — чысты камуністы,
Сып — у камсамольцах;
Трэба сесці за стол есці —
Богу не памоляцца.
Багоў з хаты, як вар'яты,
Выкінулі ў смецце,—
Покут голы, невясёлы,
Як у той павеці.
I Ганульцы ўжо, зязюльцы,
Памаліцца недзе,
Як патрэба ёсць да неба,
Дык бяжы к суседзям.
Дык нікому ж ні такому,
Як нашай Ганульцы,—
Вось жа гора! Кажа, сорам
Ёй прайсці па вуліцы:
Так і плача, небарача,
Што багі адменены:
«Матка боска! Зараз вёска
Пойдзе ўся за Леніным».
1923