Невясёлая старонка
Наша Беларусь:
Людзі – Янка ды Сымонка,
Птушкі – дрозд ды гусь.
Поле – горы ды каменне,
Потам зліта ўсё,
Сенажаць – адно карэнне,
Сівец ды куп'ё.
Родзе шнур несамавіта,
Колькі б працы ўнёс, –
Ячмень з сажай, з званцом жыта,
З свірэпкай авёс.
Небагатыя і вёскі,
Садоў ў іх не знаць,
Толькі часам дзе бярозкі,
Як тычкі, стаяць.
А па вёсках люд убогі,
Век бяда ў крук гне,
Вечна ў лапцях гное ногі,
Зрэб'е спіну тне.
Цёмны, цёмны народ гэты,
Трудна і сказаць,
Абарваны, неадзеты,
Не ўмее чытаць.
З яго кожны насмяецца,
Назаве дурным...
Бедны люд... так бы, здаецца,
Плакаў разам з ім.
Так няміла, як магілай,
Неяк выдае
Беларусь, мая старонка,
Дый люблю ж яе.
Я, калі б з ёй разлучыўся,
Плакаў з усіх сіл...
Эй, бо дзе воўк урадзіўся,
Яму куст той міл!
Дома голаду дазнаю, –
З'ем хлеба, вады...
Горай жыці ў чужым краю,
Болей слёз, нуды.
Там не знойдзеш братніх сэрцаў,
Там кожны чужым,
Будзеш жыць з нудой у спрэчцы
Ды адзін-адным.
Песню родную зацягнеш,
Хто пачуе, хто?
Там любіць свой край прысягнеш
Лепей, як жыццё.