Аповесць I. Шамякіна "Ахвяры", як і многія творы пісьменніка, прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны. У ёй аўтар уздымае новую для беларускай літаратуры праблему, якая доўгі час замоўчвалася ці. няправільна ацэньвалася. У цэнтры ўвагі пісьменніка — дзейнасць Мінскага падпольнага і партызанскага руху, а таксама складаныя ўмовы ўзаемадзеяння падпольнага кіраўніцтва з прадстаўнікамі НКУС, засланымі быццам бы для карэкціроўкі сумесных дзеянняў арганізацый. Падзеі адбываюцца ў адным з партызанскіх атрадаў, які ўзначальвае Аляксей Іванавіч Ман. Паміж камандзірам атрада, начальнікам штаба Навумам Брагінскім і камісарам Ігарам Кіпенем складваюцца адносіны ўзаемаразумення, узаемавыручкі, што, безумоўна, дапамагала ў агульнай барацьбе з акупантамі.