Кароткі змест Тры крыжыкі
Опубликовал: Admin
7-10-2020, 04:25
Просмотров: 1462
Комментарии: 0
Тры крыжыкі складалі ўсю «навуку і пісьменнасць» Янкі Гарбача. Такі няхітры подпіс пакідаў непісьменны селянін на ўсіх паперах раней і пры новым часе. Свае тры крыжыкі Янка пазнаваў сярод многіх іншых, «як пазнае сваю касу, пугу ці свой воз паміж іншымі такімі ж прыладамі гаспадаркі». Шмат поту яны яму каштуюць кожны раз, як даводзіцца распісвацца. «Ён сапе ў бараду, вочы пільна наставіць у паперу, цэліцца доўга-доўга і пачынае выводзіць крыжыкі, нібы будыніну будуе». Апошнім часам гэта рабіць яму даводзілася часта, бо Янка Гарбач пачаў хадзіць на сходы і выступаць там з прамовамі.

Аднойчы вясковы настаўнік прапанаваў селяніну «кінуць, нарэшце, свой магільнік», навучыцца чытаць і пісаць. Спачатку Янку стала шкада сваіх крыжыкаў, так ён з імі зжыўся. Потым ён пачаў шукаць у думках «усе нявыгады сваёй цемнаты»: колькі ён папер пападпісваў, не ведаючы, што там выкладзена, не раз чухаў патыліцу, сварыўся і судзіўся. I Янка Гарбач паабяцаў настаўніку, што прыйдзе да яго вучыцца.

Вяртаўся дахаты селянін «абноўленым чалавекам. Ён адчуваў сябе як бы пад акном цікавых палацаў, дзе чорныя літары на белай паперы аблягчаюць чалавеку жыццё».

Мастацкія асаблівасці

Пачынаў З. Бядуля з лірычных імпрэсій, з вершаў у прозе, але досыць хутка звярнуўся да сюжэтнага апавядання. Для ранніх твораў пісьменніка характэрна эмацыяльная насычанасць, рамантычная прыўзнятасць, лірызм, рытмізаванасць апавядальнай плыні. «...Бядулю не можна прылічыць да сялянскіх пісьменнікаў. У іх (творах. — Т.Г.) не гаворыць селянін. Гэта хутчэй, як і Гарун, інтэлігенцкі пісьменнік, які стаіць, аднак, вельмі блізка да сялянскіх. Агульны накірунак нашаніўскае эры зрабіў і на Бядулю свой магутны ўплыў», — адзначаў у 1927 г. Ігнат Дварчанін.

У апавяданнях 3. Бядуля схіляецца пераважна да рэалістычных сродкаў узнаўлення жыцця. Яго творам уласціва мастацкае спалучэнне падзейнасці з пачуццёва багатым унутраным светам чалавека. Пісьменнік пазбягае апісальнасці, паказваючы асноўнае ў характары, паводзінах героя.

Не аднойчы З. Бядуля звяртаўся да тэмы мастака і мастацтва. У апавяданні «Бондар» (1920) творцам, сапраўдным майстрам выступае чалавек, які робіць начоўкі, вёдры, цэбры, бочкі і іншыя падобныя да іх патрэбныя ў гаспадарцы рэчы. Тым самым аўтар паэтызаваў народнае мастацтва, сцвярджаў, што творчай можа стаць кожная карысная справа. 3 цёплым і мяккім гумарам, але глыбока паважаючы Данілу, апісвае З. Бядуля яго пачуцці і думкі, яго выгляд у час працы. «Ці ж можна апавядаць аб тым, як ён пераглядаў, перамацваў рукамі, пробаваў на язык палены, дошкі і звычайныя кавалкі дрэва, як ён іх сушыў, як з імі няньчыўся, каб стварыць з іх новае хараство, каб у іх душу пераліць».

Сяляне, вяскоўцы, якія ахвотна набывалі Данілавы вырабы, ацанілі яго талент, назваўшы майстра «залатыя рукі». Аднак бондару здавалася, што яны не могуць па-сапраўднаму зразумець прыгажосць, будуць смяяцца з яго захопленасці працэсам нараджэння рэчаў. Ён чакаў, што нехта іншы, больш культурны і спакушаны ў мастацтве, ацэніць яго майстэрства. I такога чалавека Даніла ўбачыў у дваровай пані. У зроблены для пані посуд бондар уклаў не толькі ўсё свае ўменне, але і душу.

У двары стары майстра перажыў крушэнне ўсіх мар і спадзяванняў. Іх пахавала пані абыякавасцю да яго «песні душы» — «бялюткіх, як пена марская, як малако, гучных, як шкло, пасудзін», «зграбных, лёгкіх, як бы жывых».

Апавяданнем «Бондар» пісьменнік гаварыў пра абыякавасць пануючага класа да народнай культуры і народнага мастацтва.

Уплыў «нашаніўскай эры», пра што пісаў І. Дварчанін, выявіўся ў звароце 3. Бядулі да жыцця працоўнага чалавека, у паказе нядолі народа. Гэта тэма гучала і ў творах паслякастрычніцкага перыяду. Так, падзеі мінулага ўзнаўляюцца ў апавяданні «Дванаццацігоднікі» (1921). Галоўны герой твора, стары селянін, натура актыўная, дзейсная, валявая. З усіх такароўцаў, якіх выгнаў з абжытага дзядамі і прадзедамі кутка пан, на папялішчы роднай вёскі застаўся толькі ён, каб адпомсціць.

Аўтар апраўдвае ўчынак Лявона. Яго помста пану — гэта пакаранне зла, несправядлівасці. Спаліўшы фальварак, стары зрабіў з панам тое, што той зрабіў з такароўцамі: разарыў, знішчыў нажытае дабро. Гэта ў творы даводзіцца наступным параўнаннем: «...Агністы аграмадны язык так лізануў новы хутар Магданоўшчыну, што ад яго засталіся такія самыя знакі, як ад былой вёскі Такароўшчыны». Разам з тым нянавісць, злосць, гаворыць З. Бядуля, ненатуральныя для душы селяніна-працаўніка пачуцці. Лявон невыпадкова параўноўвае помсту, што доўгія гады насіў у сабе, з гадзінай. Паказальна і тое, што стары адмовіўся ад першапачатковага намеру задушыць пана.

Крыўда і нянавісць у Лявона да пана такія вялікія, што на нейкі час вяртаюць яму маладосць і сілу. «А здароўе ў яго было такое, што ўсе проста дзівіліся. Бывала, падыме сам такое бервяно, што і малады не патрапіў бы падняць. А якія вясёлыя байкі ён баяў пры гэтым, ажно ўсе рабочыя покатам са смеху каціліся», — адзначае аўтар. Калі ж селянін здзейсніў задуманае, сіла жыццёвая яго пакінула, за адну ноч ён пастарэў на дваццаць гадоў.

Многія апавяданні З. Бядулі афарбоўвае мяккі гумар, што надае творам адметнасць і своеасаблівасць. У «Дванаццацігодніках» развіццю драматычных падзей папярэднічае досыць шырокая экспазіцыя. Апавядаючы пра жыццё-быццё працавітых і руплівых такароўцаў, аўтар не аднойчы звяртаецца да камічных сродкаў. Напрыклад: «...Гандляры пускаліся навыперадкі ў Такароўшчыну ў асеннія даждлівыя раніцы і нават па начах. Кожны з іх хацеў быць першым, кожны хацеў сабе загарнуць смятану такароўскай працы і заўсёды канчалася тым, што ў адну любую раніцу ў Такароўшчыне пачынаўся такі шум, такі гармідар, ажно з ваколічных вёсак прыбягалі сюды, як на пажар. Гэта, як наўмысне, усе гандляры з'язджаліся разам, і каля кожнай хаты стаялі пяць-шэсць фурманак. Тут зноў бароды і пэйсы ляцець як птушкі, па вуліцы, і сінякі на тварах цвілі, як васількі».

Нескладанае па зместу і думцы апавяданне «Тры крыжыкі» (1925) цалкам трымаецца на ўменні пісьменніка ўбачыць камічнае ў звычайнай жыццёвай з'яве. Зноў жа, пасміхаецца са свайго героя, непісьменнага селяніна, З. Бядуля нязлосна. Пры апісанні таго, як ставіў Янка Гарбач свае тры крыжыкі, камічны эфект ствараецца параўнаннем «працы» над паперай са звыклай працай на полі. «Як сахою па раллі, водзіць ён пяром па паперы. Доўга майструе, пакуль стануць крыжыкі ў радочку — адзін за адным, як жывюханькія... Шмат поту яны яму каштуюць кожны раз». Выклікае усмешку нечаканае супастаўленне знешняга выгляду героя з яго дзейнасцю і родам занятку. Настаўнік, які прапанаваў Янку вучыцца, у апавяданні характарызуецца наступным чынам: «Тры гады ён жыве вось у гэтай глушы. Увесь свой час змагаецца з вясковай цемрай. Ад пастаяннага змагання з яго маршчыністага твару не зыходзіць выраз неспакою, напружанасці і натхнёнай жывасці. Вочы ў яго вострыя, пранікаючыя, бародка — клінам, увесь ён тонкі і худы. Нібы верацяном вострым, гатоў ён у любую хвіліну пранізваць думкі вясковых людзей, каб асвятляць іх, каб рассейваць павуціну старых забабонаў».
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь. Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Другие новости по теме:
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.