Гэта крык, што жыве Беларусь
Опубликовал: Admin
7-10-2020, 04:26
Просмотров: 960
Комментарии: 0
Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор,
Ці запеў салавей, ці загагала гусь, —
Я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор,
Сваю матку-зямлю — Беларусь.

Хоць гарыста яна, камяніста яна,
Вераб'ю па калена, што сею, расце,
Дый люблю ж я яе, шкода хаткі, гумна:
О, такіх няма, мусіць, нідзе!

З саламянай страхой мая хатка, гумно;
Непачэсна, што праўда, віднеюць яны,
Дый на іх жа сваёй клаў рукой ервяно
I зямлю раўнаваў пад звяны!

З саламянай страхой мая хатка, тачок!
Многа чутак наводзяць і дум на душу;
Я у сне бачу іх, помню кожны разок
I у сэрцы, як веру, нашу.

Хатка сведкай была, як пазнаў божы свет;
З хаткі бегаў да школы вучыцца чытаць;
Пры лучыне не раз гаварыў казкі дзед;
У двор з хаткі хадзіў зарабляць.

У тачок збожжа, сена я клаў кожны год;
У ім першы раз Зосі сказаў, што люблю...
У ім з дзеткамі после збіраў умалот
I цяпер пры ім лазню таплю.

А хоць гора зазнаў, знікла доля навек,
Зося парыць зямлю, у свет дзеці пайшлі, —
Тут жа неяк прывык да ўсяго чалавек,
Прырос неяк, як корч да зямлі!..

Тут усякая рэч як гавора з табой:
I крывая бярозка, і столетні дуб,
Снег халоднай зімой, траўка летняй парой,
I асвер, і абцінены зруб...

А бурлівы ручан і зялёненькі сад! —
Хоць, брат, сэрца аддай і душу хоць аддай!..
Сам садочак садзіў гадкоў дваццаць назад,
А цяпер жа вялікі, як гай!

З садам гэтым я зжыўся, як з хаткай сваёй;
Знаю, колькі з яго маю яблык і сліў;
Ночак шмат скаратаў у ім з Зосяй даўней,
Шмат чаго у ім я перасніў!

Ой, бывала, як сонейка блісне вясной,
То ж- то рай, далібог! — захліпаецца дух, —
Як на ўсе на лады, на садок увесь той
Засвяргоча рой птушак-пяюх!

Тут кукуе зязюля, ці шмат пражыву;
Там чырыкае шпак, там пяе салавей;
Тут крычаць вераб'і і клююць крапіву;
А на ўсё сонца грэе цяплей і цяплей!..

Цяпер глянь, браце, вокам на поле, на луг,
На сівец-сенажаць, на вузкія шнуры,
Дзе свістала каса, барабаніў дзе плуг,
Дзе з зары працаваў да зары.

Тут даўгі-даўгі шнур зелянее з аўсом;
Бліжэй гоні адны, на іх — бульба у шар;
А там далей даўгі шнур віднее з жытцом;
А там голы, як бубен, папар.

Пасяродку аўса галавісты лянок
Зелянее, інакш адбівае сабой;
Там вусаты ячмень, а там далей на бок
Ад ячменю — дзірванчык з лазой.

Ды і што гаварыць — дзе я толькі гляджу,
Бачу родненькі край, сваю матку-зямлю;
Тут і людзі... ат... што!.. аб іх после скажу...
Долі іх надта ж я не люблю!

А вот як не любіць гэта поле, і бор,
I зялёны садок, і крыклівую гусь!..
А што часам тут страшна заенча віхор,—
Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь!
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь. Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Другие новости по теме:
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.